Прэм’ер-міністар Фінляндыі, сацыял-дэмакрат Анці Рынэ падаў у адстаўку праз канфлікт з партнэрамі па кааліцыі. Прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нінісьцё ў аўторак, 3 сьнежня, задаволіў яго прашэньне аб адстаўцы.
Анці Рынэ ўзначальваў урад на працягу ўсяго паўгода.
Канфлікт у кіруючай кааліцыі быў выкліканы намерам кіраўніцтва дзяржаўнай паштовай службы заключыць з 700 сартавальнікамі пасылак новае працоўнае пагадненьне, якое прывяло б да зьніжэньня іх заробкаў на 30%. Пасьля страйку работнікаў пошты пытаньне аб працоўным пагадненьні было зьнятае з парадку дня.
Аднак палітыкі запатрабавалі ад міністра па справах мясцовага самакіраваньня і кіраваньня ўласнасьцю Фінляндыі інфармацыю аб тым, ці падтрымліваў урад заплянаваныя зьмены.
29 лістапада міністарка сышла ў адстаўку. Анці Рынэ патлумачыў тады, што падчас перамоваў з поштай яна ня выкнала ягоных задач і была недастаткова цьвёрдай у абароне заробкаў працаўнікоў. Але пасьля яе адстаўкі крытыка перакінулася на былога ўжо прэм'ера. У выніку ён страціў падтрымку лібэралаў у кааліцыі.