Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Капітуляцыя» Беларусі ці бітва на «перніках»


Апошнія заявы амбасадара Беларусі ў Расеі Уладзімера Сямашкі выклікалі эфэкт бомбы, якая выбухнула. Беларусь і Расея ствараюць агульныя ўрад і парлямэнт, Беларусь капітулявала, беларускай незалежнасьці канец — такімі загалоўкамі і высновамі камэнтавалі некаторыя беларускія, расейскія і ўкраінскія СМІ словы пасла.

Што ж ён сказаў на самой справе? А сказаў ён наступнае: «Прэзыдэнты дамовіліся, што мэты заяўлены грандыёзныя і яны не павінны зьмяняцца. Гэта пераход на ўніфікаванае падатковае заканадаўства, стварэньне адзіных рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі, стварыць адзіны парлямэнт і ўрад з пэўнымі паўнамоцтвамі, калі незалежныя Расея і Беларусь аддаюць наверх пэўныя кіроўныя функцыі з абавязковым выкананьнем. Такая задача цяпер вырашаецца».

«Грандыёзныя» мэты былі заяўленыя яшчэ ў дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы ад 1999 году. Пакуль дамова не скасаваная, яны, менавіта як мэты, і не зьмяняюцца. У дамове і праўда запісаныя і адзіны парлямэнт і адзіны ўрад. Дык бакі дамовіліся наконт іх стварэньня? Ці сказаў гэта Уладзімер Сямашка? Не, ён сказаў — «такая задача вырашаецца». «Вырашаецца» — гэта дзеяслоў незакончанага трываньня, гэта ня «вырашаная». Дык яна 20 гадоў як вырашаецца.

Беларускія дый расейскія прадстаўнікі неаднаразова заяўлялі, што праграма паглыбленьня інтэграцыі не прадугледжвае палітычных «надбудоваў», стварэньня наддзяржаўных органаў. Пра гэта казала прэсавая сакратарка прэзыдэнта Беларусі Натальля Эйсмант, казаў Дзьмітры Круты, міністар эканомікі, цяпер першы віцэ-прэм’ер, галоўны перамоўнік ад Беларусі ў пытаньнях інтэграцыі, казаў міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Міністар Макей пры гэтым тлумачыў, што адпаведныя прапановы расейскім бокам уносіліся, але беларускі бок палічыў іх непрымальнымі.

Дык хто кажа няпраўду? Адзіны парлямэнт і ўрад — гэта паводле вызначэньня наддзяржаўныя органы. Можа быць, Сямашка проста прагаварыўся пра тое, што хавалі Эйсмант, Круты і Макей?

Бо наўрад ці ён з дыпляматаў і «моцных гаспадарнікаў» перакваліфікаваўся ў акадэмічныя гісторыкі, маўляў, 20 гадоў таму была заключаная такая дамова і там было напісана шмат цікавых рэчаў. Варта таксама нагадаць, што на працягу ўсяго году, з пачатку цяперашняга раўнду перамоваў аб інтэграцыі, ніводзін беларускі афіцыйны прадстаўнік раней не прыгадваў пра тое, што стварэньне адзіных парлямэнту і ўраду запісаныя як мэты ў дамове ад 1999 году. Усе ведалі, што гэта запісана ў дамове. Аднак Сямашка першы гэта прыгадаў публічна.

Дык што ж азначаюць яго словы? Тое самае, што азначалі словы, сказаныя раней — гульню, гандаль.

Набліжаецца канец году, адначасова і канец газавага кантракту, і канец пагадненьня аб нафтавай «ператаможцы». Якой будзе новая цана на газ — невядома. Віцэ-прэмʼер беларускага ўраду Ігар Ляшэнка заявіў у сярэдзіне лістапада, што Менск разьлічвае на памяншэньне цаны ў параўнаньні зь цяперашняй 127 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак пры гэтым Ляшэнка дадаў: «Расейскі бок імкнецца ня ўсе нашы прапановы і дамоўленасьці наўпрост прызнаць і стварае нейкія вакольныя ўмовы». «Вакольныя ўмовы» — гэта, як можна зразумець, цана, якая можа быць і вышэйшай за сёлетнюю цану. Пры гэтым расейскі бок падвешвае і вялікі «пернік» — цану на газ для Беларусі, як для Смаленскай вобласьці, у выпадку істотнага паглыбленьня інтэграцыі.

Дык і Беларусь вуснамі пасла Сямашкі падвешвае свой «пернік» — успамін пра тое, што ў саюзнай дамове адзіныя ўрад і парлямэнт прапісаныя. Як у савецкім фільме «Добры дзень, я ваша цётка»: «Я цябе пацалую. Потым. Калі захочаш». Такая вось бітва на «перніках».

Зрэшты, ня толькі на іх. Зразумела, у расейскага боку ёсьць і «бізун». У газавай сфэры — гэта сусьветная ці блізкая да яе цана. Але нейкі «бізун» ёсьць і ў беларускага боку. Сытуацыя на расейска-ўкраінскім газавым «фронце» цяпер такая, што ня выключанае часовае спыненьне транзыту расейскага газу праз Украіну, там таксама дамова заканчваецца ў канцы гэтага году. «Газпром» запампаваў у сховішчы ў Эўропе пэўныя абʼёмы газу, ёсьць дзейны «Паўночны паток-1». Але гэтага, на думку экспэртаў, хутчэй за ўсё ня хопіць, каб кампэнсаваць украінскі транзыт. Што можа яго кампэнсаваць? Павелічэньне беларускага транзыту. Але пра гэта Маскве трэба прасіць Менск. Ну дык і Менск пра нешта просіць Маскву.

Ёсьць балянс і «пернікаў», і «бізуноў».

У людзей, якія жадаюць яснасьці, гэтыя гульні і таргі выклікаюць раздражненьне і нават абурэньне. Гэта выклікае падобныя пачуцьці і ў тых, хто выступае за захаваньне незалежнасьці Беларусі і асьцерагаецца яе страты, і ў тых, хто хоча паўнавартаснага зьліцьця Беларусі і Расеі. Але яснасьць так і не надыходзіць.

Зразумела, я магу і памыляцца ў сваіх ацэнках. Кухню перамоўнага працэсу ведаюць ва ўсіх дэталях нешматлікія людзі ў дзьвюх краінах, і гэта наўрад ці журналісты.

Але двухсэнсоўнасьць заяваў пасла Сямашкі ўсё ж сьведчыць хутчэй пра адсутнасьць, чым пра наяўнасьць дамоўленасьці. Пра тое самае сьведчыць і заява прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова. 29 лістапада ён сказаў, што прэзыдэнты Беларусі і Расеі зьбіраюцца сустрэцца ў сьнежні і што дата будзе паведамлена пазьней.

Як так? Гаварылася ж, абвяшчалася ж, што 8 сьнежня, на 20-ю гадавіну падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, два лідэры ўрачыста падпішуць злашчасную праграму паглыбленьня інтэграцыі. А цяпер высьвятляецца, што прэзыдэнты толькі зьбіраюцца сустрэцца і невядома калі.

Але а хто казаў пра 8 сьнежня як пра дакладную ўзгодненую дату сустрэчы і тым больш падпісаньня? А высьвятляецца, што ніхто і не казаў. Хтосьці так зразумеў намёкі і пажаданьні. Дык і з «грандыёзнымі» мэтамі пасла Сямашкі, магчыма, падобная сытуацыя.

І выснова, якая напрошваецца з гэтых непаразуменьняў — не дамовіліся. Можа быць, пакуль. Можа быць, наогул. Ні наконт «грандыёзных» мэтаў, ні наконт больш практычных і прыземленых.

Ці наконт прыземленых дамовіліся, але так, што ад узаемных «пернікаў» засталіся толькі крошкі, а дамоўленасьць вызначылася балянсам «бізуноў».

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG