Госьцем наступнай сустрэчы «Інтэлектуальнага клюбу» Сьвятланы Алексіевіч, што пройдзе 11 сьнежня ў гатэлі «Беларусь», стане расейскі гісторык Андрэй Зубаў, піша Tut.by. Пачатак а 19.00, уваход вольны, але колькасьць месцаў абмежаваная.
Прафэсара Зубава называюць «адным з найбольш вядомых сучасных расейскіх гісторыкаў і публіцыстаў». Сьцьвярджаюць, што яго звольнілі з установаў Расейскай праваслаўнай царквы і ўнівэрсытэту МГИМО за «жорсткую крытыку крымскага „аншлюсу“».
На сустрэчы клюбу Алексіевіч Зубаў зьбіраецца расказаць пра тое, што значыць рэлігія сёньня і зь якімі выклікамі сустракаецца вернік і навуковец, які ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе.
Цяпер Зубаў дае асобныя лекцыі ў розных установах і праз інтэрнэт, актыўна камэнтуе падзеі на радыё «Эхо Москвы». Называе сябе хрысьціянскім дэмакратам, выступае за дэкамунізацыю, аднаўленьне рэальных правоў і свабодаў расейцаў, інтэграцыю Расеі ў эўрапейскую супольнасьць.
Раней Зубаў даваў інтэрвію і беларускай службе Радыё Свабода.