Менская япархія Беларускай праваслаўнай царквы разгледзела прашэньне ад сьвятара Аляксандра Шрамко наконт вяртаньня яго да служэньня пасьля гадавога тэрміну забароны.
Падчас гутаркі з айцом Аляксандрам сябры Япархіяльнай рады не знайшлі ў яго словах «прыкметаў шчырага раскаяньня» і дастатковых падстаў для аднаўленьня ў служэньні. Пра гэта паведамляе епархіяльны сайт.
Па выніках разгляду быў выдадзены ўказ за подпісам мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла:
- Даць Аляксандру Шрамку выпрабавальны тэрмін на 1 год, каб прыкладам уласных спраў ён мог засьведчыць праўдзівасьць свайго пакаяньня і імкненьня вярнуцца да ярэйскага служэньня.
- Накіраваць ярэя Аляксандра Шрамка ў распараджэньне духоўніка Елісавецінскага манастыра ў Менску дзеля вызначэньня яму паслушэнства пры абіцелі.
- Па заканчэньні выпрабавальнага тэрміну атрымаць паўторнае суджэньне адносна магчымага вяртаньня ярэя Аляксандра Шрамка да сьвятарства.
«Я б не падаў прашэньня, каб не пазытыўны водгук ад камісіі „па праблемах на прыходах“ на чале з протаярэем Георгіем Латушкам, дагэтуль найбольш крытычн[ым] да мяне, — адрэагаваў на ўказ Аляксандар Шрамко. — Але не ўлічыў, што вырасьлі зубкі ў маладой порасьлі мітрапаліцкіх фаварытаў, якія нічога, акрамя асаблівай зьверхніцкай ласкі, ня маюць ні за спінай, ні за душой, ні ў галаве, а таму рвуцца грызьці і выслужвацца. І вучыць жыцьцю чалавека, роўна ўдвая старэйшага, які служыў у царкве тады, калі яны літаральна пяшком пад стол хадзілі».
Летась у кастрычніку Аляксандар Шрамко ня менш як на год быў выведзены за царкоўны штат «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня». Падставай для звальненьня названыя «сыстэматычныя публікацыі ў СМІ паведамленьняў, якія ганьбяць праваслаўную царкву і сеюць у сэрцах людзей варожасьць і нянавісьць».
Такім чынам, пытаньне аб служэньні сьвятара ў ярэйскім сане адкладзенае яшчэ на год.