Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго Лукашэнка чакае ад Вашынгтона


Ілюстрацыйнае фота, сьцягі Беларусі і ЗША
Ілюстрацыйнае фота, сьцягі Беларусі і ЗША

Беларуска-амэрыканскія дачыненьні апошнім часам істотна паляпшаюцца.

Сьцісла:

  • ЗША мае да Беларусі больш палітычных намераў, Беларусь да ЗША — эканамічных.
  • ЗША адмовіліся стаць трацейскім судзьдзём паміж Беларусьсю і Літвой у справе АЭС у Астраўцы.
  • Амэрыканскі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі па-ранейшаму дзейнічае.

Аналітыкі тлумачаць зацікаўленасьць Беларусьсю ў Вашынгтоне дзьвюма галоўнымі мэтамі. Першая — ЗША ня хочуць, каб на беларускай тэрыторыі зьявіліся новыя вайсковыя базы Расеі. У іх амэрыканцы бачаць непасрэдную пагрозу сваім партнэрам у NATO (краінам Балтыі і Польшчы), а таксама — Украіне. Другая — захаваньне сувэрэнітэту Беларусі. Гэта дазваляе ўладам Беларусі не рухацца цалкам у рэчышчы авантурнай стратэгіі Крамля.

У выніку, як лічыць палітоляг Андрэй Казакевіч, «упершыню за шмат гадоў Беларусь атрымала сваё зразумелае месца ў замежнай палітыцы ЗША як краіна, якая можа ўвайсьці ў пояс супрацьстаяньня амбіцыйным плянам Расеі і Кітаю».

Афіцыйны Менск у дачыненьнях з ЗША праяўляе большую цікавасьць да эканомікі. Тут праглядаюцца чатыры асноўныя задачы:

  • Цалкам зьняць усе амэрыканскія санкцыі да беларускіх прадпрыемстваў.
  • Адкрыць велізарны амэрыканскі рынак для беларускіх тавараў з пэрспэктываю замацавацца на ім.
  • Атрымаць згоду ўладаў ЗША на пастаўкі ў Беларусь амэрыканскае нафты як альтэрнатывы расейскай.
  • Зацікавіць амэрыканскіх бізнэсоўцаў інвэстыцыямі ў беларускую эканоміку.

А асноўны магчымы палітычны здабытак ад усяго гэтага — паказаць Крамлю, што на ім сьвет клінам не сышоўся. То бок у такіх умовах весьці перамовы з Масквой было б і прасьцей, і лягчэй.

Амэрыканскі нэўтралітэт наконт Беларускай АЭС

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў істотным паказьнікам больш лагоднага стаўленьня Вашынгтону да беларускіх уладаў называе адмову амэрыканцаў падтрымаць Літву ў пытаньні Беларускай АЭС.

Літоўцы спадзяваліся, што ў гэтым канфлікце ЗША адназначна стануць на іхны бок. Але афіцыйны Вашынгтон у асобе міністра энэргетыкі патлумачыў, што гэта справа выключна дзьвюх краін — Беларусі і Літвы. І вырашаць яе трэба не пры ўдзеле ЗША, а праз МАГАТЭ. А Злучаныя Штаты дзеля бясьпекі гатовыя пастаўляць на АЭС сваё якаснае ядзернае паліва.

Расея, зразумела, супраць, а ці можа Менск перацягнуць на свой бок Варшаву?

У дыялёгу з Вашынгтонам афіцыйны Менск ня можа ня ўлічваць рэакцыю на гэты працэс з боку бліжэйшых суседзяў. Выглядае, што Беларусь ня хоча рабіцца паўнавартасным удзельнікам канфлікту паміж ЗША і Расеяй, які далей паглыбляецца. Але ж Беларусь фармальна праз так званую Саюзную дзяржаву ёсьць непасрэдным хаўрусьнікам Масквы. Нездарма замежнапалітычныя ведамствы дзьвюх краін штогод прымаюць праграму супольных дзеяньняў на міжнароднай арэне.

Сёлета падазронасьць Крамля як ніколі вялікая. Кожны крок Беларусі ў заходнім кірунку (у амэрыканскім — асабліва) ацэньваецца амаль як здрада. Так што, разьвіваючы кантакты з Вашынгтонам, Менск мусіць увесь час азірацца на Маскву.

А вось Польшча магла б паспрыяць большаму паразуменьню беларускіх і амэрыканскіх уладаў. Выкладчыца факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ Роза Турарбекава заўважае: «Польская адміністрацыя знайшла хады да сэрца прэзыдэнта Трампа. І магла б падтрымаць у ягоных вачах высілкі беларускага кіраўніцтва. Бо пакуль Беларусь, як і ўся Ўсходняя Эўропа, не знаходзіцца ў фокусе ўвагі цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі».

Але для такога манэўру Лукашэнку спачатку трэба шмат што зьмяніць у сваіх дачыненьнях з польскімі ўладамі.

Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі ніхто не скасоўваў

Пазыцыя Беларусі наконт расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і вызначэньне Менску як пляцоўкі для перамоваў падштурхнулі ўлады ЗША перагледзець стаўленьне да беларускіх уладаў. Да таго ж брак жорсткіх рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году (адрозна ад брутальных дзеяньняў у 2010 годзе — разгону Плошчы) таксама спрыяў пэўным зьменам. Таму ў вачах амэрыканскіх палітыкаў пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ўжо не такія актуальныя.

Выразна праглядаецца маўклівая згода бакоў: Вашынгтон публічна не крытыкуе Лукашэнку, а той ня робіць вострых заяваў на адрас ЗША.

Але, з другога боку, амэрыканскі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ніхто не скасоўваў. А гэты закон абумоўлівае нармалізацыю дачыненьняў з афіцыйным Менскам станоўчымі захадамі ўладаў Беларусі ў пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека.

Між тым умовы, у якіх прайшлі апошнія выбары ў Палату прадстаўнікоў (17 лістапада 2019 году) паказалі, што праблемы дэмакратыі і правоў чалавека нікуды не зьніклі. А параўнальна з папярэднімі выбарамі 2016 году сытуацыя толькі пагоршылася. І тут амэрыканскай адміністрацыі (асабліва новаму амбасадару) давядзецца ня раз узважваць кожны свой крок.

P. S. Гэты матэрыял напісаны па выніках абмеркаваньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, якое прайшло ўвечары 27 лістапада ў Менску. Яго арганізавала рада міжнародных дачыненьняў «Менскі дыялёг». Актуальнасьці дыскусіі дадало тое, што яе вялі палітолягі Яўген Прэйгерман і Дзяніс Мельянцоў, якія некалькі дзён таму вярнуліся з паездкі ў ЗША.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG