Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнту Кіргізстану пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне  


Алмазьбек Атамбеў (у цэнтры)
Алмазьбек Атамбеў (у цэнтры)

Новыя абвінавачваньні ў карупцыі прад’яўленыя былому прэзыдэнту Кіргізстану Алмазьбеку Атамбаеву ў сувязі з набыцьцём ім зямельнага надзелу ў вёсцы Кой-Таш пад Бішкекам.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» ягоны адвакат Сяргей Сьлесараў.

«Я атрымаў ад Вайсковай пракуратуры Кіргістану два паведамленьні пра адзін участак у Кой-Ташы. Атамбаеву прад’яўленыя абвінавачаньні паводле таго ж артыкулу — карупцыя», — сказаў Сьлесараў.

Паводле яго, Алмазьбека Атамбаева вінавацяць у тым, што ў 2015 годзе ён парушыў закон падчас набыцьця ўчастку ў Айнуры Ібраімавай, жонкі былога мэра Бішкека Альбека Ібраімава.

«Не магу зразумець, як грамадзянска-прававая зьдзелка стала карупцыйнай», — дадаў адвакат. Ён не выключае, што на гэтым абвінавачванні супраць Атамбаева ня скончацца.

На мінулым тыдні Вайсковая пракуратура Кіргістану прад’явіла Алмазьбеку Атамбаеву абвінавачваньні ў двух эпізодах — аб карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека і перадачы ва ўласнасьць будынка «Форум» у сталіцы, дзе разьмешчана штаб-кватэра Сацыял-дэмакратычнай партыі і працуе тэлеканал.

Атамбаеў таксама праходзіць у справе аб незаконным вызваленьні ў 2013 годзе крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева і зьяўляецца падазраваным у падзеях 7-8 жніўня ў вёсцы Кой-Таш, дзе спроба сілавога затрыманьня экс-прэзыдэнта перарасла ў сутыкненьні яго прыхільнікаў з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Тады адзін спэцназавец памёр ад агнястрэльнага раненьня, шэсьць супрацоўнікаў «Альфы» былі ўзятыя ў закладнікі і адпушчаныя на наступны дзень.

За два дні сутыкненьняў прыхільнікаў Атамбаева і сілавікоў у Кой-Таш і Бішкеку пацярпелі 170 чалавек, палова зь іх — супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Атамбаеў рашэньнем суду быў арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА Камітэту нацыянальнай бясьпекі да 26 жніўня. На ягоную маёмасьць накладзены арышт.

Сукупна па крымінальных артыкулах Атамбаеву пагражае зьняволеньне да пажыцьцёвага тэрміну.

Яшчэ адзін былы прэзыдэнт Кіргізстану, Курманбек Бакіеў, цяпер знаходзіцца ў Беларусі, а на радзіме ён быў завочна асуджаны на 24 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. 6 жніўня Аляксандар Лукашэнка асабіста віншаваў яго зь юбілеем, абяцаў прыехаць у госьці на плоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG