Карэспандэнт Свабоды дажыў да 35 гадоў і ўпершыню ў жыцьці паехаў у Расею паглядзець, як там не па тэлевізары, а насамрэч. У першым падарожным рэпартажы — пра тое, як жывуць на тым канцы Транссібірскай магістралі.
Брэсцкія шкарпэткі
— Так, Беларусія. А віза ваша дзе?
— Якая віза?
— Наша, расейская віза.
— У нас з вамі няма візаў.
— Так? Ну ладна. А міграцыйная карта?
— І карт міграцыйных няма.
— Як я вас тады рэгістраваць буду? Бардак.
— Згодны.
Гэты дыялёг адбываецца на рэсэпшэне хостэла ва Ўладзівастоку, дзе я сабраўся спыніцца на два дні. Дзяўчына, якая выдае мне ключы ад пакоя, бачыць беларуса ці не ўпершыню і пра інтэграцыю, якая набірае моц паміж нашымі краінамі, ня чула нават у тэлевізары, па якім у хостэле круцяць пераважна японскія музычныя кліпы. Жывуць тут таксама пераважна турысты-азіяты. Да Менску 10 тысяч кілямэтраў, розьніца ў часе — 7 гадзін.
Тое, што Ўладзівасток — гэта іншы сьвет нават для саміх расейцаў, я зразумеў яшчэ ў электрычцы з аэрапорту гораду Арцём. У самім Уладзівастоку аэрапорту няма, усе цывільныя рэйсы, у тым ліку з Масквы, прызямляюцца на вайсковым аэрадроме ў суседнім горадзе.
Мясцовы хлопец, зь якім мы ўсю ноч ляцелі з Масквы, у размове зьдзівіўся маштабнасьці майго падарожжа і паведаміў, што ў Расеі таксама ня надта быў, бо жыхары Ўладзівастоку ў асноўным «далей за Хабараўск не выбіраюцца». Ня толькі таму, што квіткі дарагія (пералёт з Уладзівастоку да Масквы і назад амаль роўны сярэдняму заробку за два месяцы), але і з больш экзатычнай для беларуса прычыны. Даехаць сваім транспартам з Далёкага Ўсходу нават у Сібір можна толькі некалькі месяцаў на год. У астатні час дарога ператвараецца ў сапраўды экстрэмальнае выпрабаваньне з маразамі за 30 градусаў ніжэй нуля і разьбітым пакрыцьцём.
Уладзівасток быў заснаваны як вайсковы расейскі пост адносна нядаўна — у 1860 годзе. У Беларусі ў той час Кастусь Каліноўскі ўжо рыхтаваўся да паўстаньня супраць расейскіх уладаў. Назву новаму памежнаму гораду далі па аналёгіі з Уладзікаўказам, яна мела паведамляць суседзям (у першую чаргу японцам і кітайцам), хто на самой справе валодае Ўсходам.
Пасьля рэвалюцыі 1917 году адміністрацыя ва Ўладзівастоку зьмянялася ледзьве ня кожны месяц, нейкі час улада ў горадзе належала нават чэхаславацкаму корпусу. З таго часу на мясцовым нэкропалі захаваліся пахаваньні чэскіх салдат.
Потым быў доўгі пэрыяд адносна бясхмарнага існаваньня ў складзе СССР, калі горад ператварылі ў асноўную базу Ціхаакіянскага марскога флёту, а навакольныя землі занялі шматлікія вайсковыя часткі і аэрадромы. У 90-я гэта спарадзіла вялікія праблемы для мясцовага насельніцтва. Фінансаваньне арміі было далёкае ад ідэальнага, і з рэгіёну, які ня мог пахваліцца разьвітай прамысловасьцю, пачалі масава зьяжджаць людзі.
Аджываць Уладзівасток пачаў толькі ў нулявыя. У 2015 годзе мясцоваму порту надалі льготныя падатковыя ўмовы (своеасаблівы аналяг беларускай вольнай эканамічнай зоны). У 2018-м горад стаў цэнтрам Далёкаўсходняй фэдэральнай акругі. Мясцовыя жыхары кажуць, што пакуль гэта адбілася пераважна на грамадзкім транспарце, праезд у якім падаражэў з 15 рублёў да 28 (каля 40 беларускіх капеек).
Амаль першае, што бачу, выйшаўшы з цягніка на вакзале, — гэта крама з шыльдай «Брестские носки». Потым тут мне яшчэ ня раз патлумачаць, што «беларускае — гэта самае лепшае, нават ва Ўладзівастоку». Асабліва пасьля 2014 году, калі Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў харчаваньня з краін Эўразьвязу, ЗША, Канады і шэрагу іншых. Цяпер на паліцах крамаў тут гарадзенскія каўбасы ляжаць побач з карэйскім півам і кітайскай локшынай.
На выгляд горад мог бы нагадваць буйны беларускі райцэнтар накшталт Баранавічаў ці Бабруйску. Калі б не высокія ўзгоркі (мясцовыя называюць іх сопкамі), японскія аўтамабілі з правым стырном (расейскую машыну за два дні пабачыў толькі аднойчы — старую «Ніву») і вялікі адсотак людзей з усходнімі рысамі твару.
А яшчэ клімат. Уладзівасток стаіць на шыраце Сочы, і калі б быў бліжэй да Эўропы, стаў бы яшчэ адным расейскім курортам.
«Бярозкі я ўпершыню пабачыў, калі мне 20 гадоў было»
Максім Жук выкладае літаратуру ў Далёкаўсходнім фэдэральным унівэрсытэце. Максім водзіць мяне крыху па старым Уладзівастоку, паказвае пабудаваны яшчэ немцамі на пачатку мінулага стагодзьдзя ГУМ, кітайскія кварталы зь месцамі, дзе курылі опіюм, дом, у якім нарадзіўся Ільля Лагуценка. Кажа, што Ўладзівасток, канечне, не правінцыя. Але і далёка ня цэнтар.
«Мы калі ляцім у Маскву ці ў Санкт-Пецярбург, то паміж сабой гаворым, што едзем на Захад, — расказвае выкладчык. — Для нас гэта іншы сьвет. Я вам на мапе не змагу паказаць, дзе знаходзіцца Екацярынбург, ці там Арэнбург, калі вы мне чыстую мапу пакажаце. Толькі Масква, Пецярбург. А дзе іншыя гарады — я проста ня ведаю. Хутчэй дзе Кітай і Пэкін пакажу. Гэта ўсё ў 90-я гады сфармавалася. У СССР было вельмі танна лятаць — у Самару, у Маскву гарбаты папіць. Былі танныя квіткі, добрыя заробкі. А ў 90-я нас як адрэзала ад Расеі».
Квіток на самалёт у эўрапейскую частку Расеі з Уладзівастоку каштуе прыкладна столькі ж, колькі ў сярэднім зарабляе жыхар Уладзівастоку ў месяц. У адзін бок. Каб вярнуцца, трэба прапрацаваць яшчэ месяц. Цягніком у пляцкарце прыкладна ўдвая таньней. Але ехаць — восем сутак. Сапраўдны подзьвіг па беларускіх мерках.
«Нашая адасобленасьць зь дзяцінства фармуецца, — працягвае Максім. — Ідзеш у першую клясу, адкрываеш буквар і бачыш там прыроду, якая абсалютна не падобная да таго, што навокал. Бярозкі гэтыя роўненькія. Я іх першы раз у жыцьці ўбачыў, калі ў Маскву прыляцеў. Мне тады за 20 было ўжо. У нас усё тут іначай. Прырода далёкаўсходняя, мова адрозьніваецца. Няма гэтага маскоўскага аканьня. А зь іншага боку, тут своеасаблівая мяжа паміж Эўропай і Азіяй».
Максім расказвае, што кітайскія і карэйскія турысты нават адмыслова прыяжджаюць ва Ўладзівасток, каб паглядзець на Эўропу. Нягледзячы на геаграфічнае раьмяшчэньне, гэты расейскі горад мае шмат агульнага зь іншымі гарадамі краіны. Для кітайцаў амаль экзотыка, і дабірацца зусім блізка.
«Кітай, Карэя, Японія — яны нам нашмат бліжэй, чым Масква і Пецярбург, — кажа суразмоўца. — Не духоўна, а эканамічна, геаграфічна. Тут вельмі шмат кітайцаў. Ёсьць кітайскія прадпрымальнікі, якія аселі ва Ўладзівастоку, завялі рускія сем’і. Гэта ня тое каб масава, але ёсьць. Для кітайцаў тут аблегчаны ўезд, асаблівая зона. Мы таксама ў Кітай езьдзім. Сярэдні жыхар Уладзівастоку раз на 2–3 гады бывае ў Кітаі. Адпачыць, набыць нешта. Раней часьцей езьдзілі, таму што там было таньней значна. Цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. Цяпер кітайцам прасьцей да нас прыехаць, курс юаня моцна вырас. У цэнтры шыльды на кітайскай мове, золата ў нас яны набываюць, упрыгожаньні».
Максім расказвае, што ва Ўладзівастоку ў 80-я гады быў адзін зь нешматлікіх у СССР рок-клюбаў. Дала пра сябе знаць магчымасьць слухаць японскія радыёстанцыі. Той жа Ільля Лагуценка з гурту «Мумій Троль» вырас на японскім хэві-мэтале, а ля ягонага дому пасьля паставілі скульптуру марака з пачкам замежных вінілавых кружэлак у руцэ.
Як і зь Беларусі, з Уладзівастоку зьяжджаюць маладыя. Пераважна ў Маскву і Пецярбург. Але і за мяжу. Толькі не ў Эўропу, а ў Кітай і Карэю.
«Я ва ўнівэрсытэце працую 15 гадоў, магу назіраць, што далей з былымі студэнтамі адбываецца, — кажа Максім Жук. — Немалая частка зь іх зьяжджае ў Пецярбург, у Маскву. У Карэю зьяжджаюць, у Кітай. Прычым у Кітаі можна цяпер нават журналістам працаваць, там ёсьць расейскамоўныя каналы.
Уладзівасток, ведаеце, гэта не зусім правінцыя. Тут можна знайсьці працу. Можна бізнэс свой стварыць. Тут не зусім беспэрспэктыўна. Але моладзь зараз вельмі мабільная, таму людзі зьяжджаюць, не трымаюцца аднаго месца.
Я вяду адукацыйны праект „Культурная інтэрвэнцыя“ — публічныя лекцыі па гісторыі ўсясьветнай літаратуры ад антычнасьці да канца 20 стагодзьдзя. Нядаўна ў нас быў 10-гадовы юбілей, на які я запрасіў сваіх былых студэнтаў. Але ў выніку часта атрымліваў адказ: „Дзякуй, але я больш не жыву ва Ўладзівастоку“. Шмат хто зьяжджае. Я таксама, магчыма, зьехаў бы. Але тут праца, якую я люблю».
З Максімам мы размаўляем у кавярні ў цэнтры гораду. Сучасны мінімалістычны інтэр’ер, заходняя музыка, клясычны «амэрыкана» ў кубках. І ня скажаш, што нават да геаграфічнай Эўропы адсюль каля 7 тысяч кілямэтраў.
«Уладзівасток — гэта не правінцыя, — працягвае мой суразмоўца. — Я быў у правінцыйных расейскіх гарадах, гэта не пра Ўладзівасток.
Тут ёсьць вельмі магутная энэргія, шмат таленавітых людзей. Але справа ў тым, што гэты горад са шматлікіх прычын сябе не да канца рэалізаваў.
Ён у вельмі прыгожым месцы, мог бы стаць такім далёкаўсходнім Ганконгам. Але для гэтага патрэбна вельмі разумная дзяржаўная палітыка.
Сюды ўкладаюць грошы, але яны вельмі часта невядома куды дзяюцца на шляху з Масквы да нас. Будуецца тут усё абы-як. Прадуманасьці не хапае».
Выкладчык наракае на адсутнасьць добрых тэатраў і глыбокай культуры. Кажа, што нават прыдумаў вобразнае параўнаньне. Гэтаксама як моцныя тайфуны штогод змываюць слой урадлівай глебы з ваколіцаў Уладзівастоку, так і таленавітыя людзі стараюцца зьехаць адсюль, каб рэалізаваць сябе ў іншых месцах. Але ня ўсё так дрэнна.
«Моладзь у нас добрая, — кажа Максім. — Яны нават антрапалягічна іншыя, гэта ўжо ня тыя „квадратныя“ пэрсанажы з 90-х. Гэта ня тыя, хто рос пры недахопе прадуктаў, у жорсткім асяродзьдзі. Гэта ўжо людзі, якія, па-першае, нармальна харчаваліся. Яны расьлі ў дасяжным інфармацыйным асяродзьдзі, не былі абмежаваныя. Я нашымі студэнтамі налюбавацца не магу.
Іншая справа, што яны прыходзяць разумныя і прыгожыя, а ты зь імі працаваць ня можаш нармальна з розных бюракратычных прычын, перагружанасьці альбо малой колькасьці гадзін».
Рускі мост на Рускі востраў
У 2012 годзе ва Ўладзівастоку праходзіў саміт арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва. З гэтай нагоды цэнтральныя ўлады ў Маскве вырашылі зрабіць Уладзівастоку падарунак — перанесьці унівэрсытэт з гораду на востраў Рускі, куды папярэдне пабудаваць другі па вышыні ў сьвеце вантавы мост з самым вялікім пралётам. Мост у выніку абышоўся прыблізна ў 1 мільярд даляраў. Пасьля завяршэньня саміту мостам карыстаюцца пераважна студэнты і выкладчыкі ўнівэрсытэту, якім цяпер трэба штодня езьдзіць сюды з гораду.
«Каля гадзіны дабіраемся ў адзін бок, — расказваюць мне студэнты па дарозе на Рускі востраў. — Раней карпусы былі ў цэнтры гораду, але цяпер унівэрсытэт там. Езьдзім, што зробіш. Затое прыгожа».
Што прыгожа, не паспрачаесься. Калі крыху адысьці ад шкляных карпусоў унівэрсытэцкага кампуса і падняцца на пагорак, відаць Японскае мора, якое абступае востраў з усіх бакоў.
«Ён (Пуцін. — РС) мяне ўжо двойчы ў гэтым годзе запрашаў пабываць на Ўсходзе Расеі і абавязкова ва Ўладзівастоку, на востраве Рускі, — прызнаваўся ў ліпені 2019 году кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. — Ён чамусьці вельмі ганарыцца гэтым востравам, і я ведаю чаму. Многае там было зроблена ў апошні час. Сапраўды, Уладзівасток атрымаў новае дыханьне, ёсьць пэрспэктыва разьвіцьця».
Студэнты, зь якімі я ехаў да ўнівэрсытэту ў старым карэйскім аўтобусе, пра пэрспэктывы разьвіцьця гораду выказваюцца асьцярожней. Кажуць, што пасьля 2012 году на Рускім востраве больш амаль нічога не пабудавалі. А жыхары некалькіх невялікіх пасёлкаў так і жывуць у сваіх старых драўляных дамах.
Зьехаць з Уладзівастоку аказваецца цяжэй, чым сюды трапіць.
«Няма квіткоў, — будзённа кажа мне касірка на чыгуначным вакзале. — Усе раскупленыя на тры дні наперад. Хіба нешта вызваліцца ўвечары, перад адпраўленьнем. Падыходзьце. Але я вам раю самалётам скарыстацца, так будзе надзейней».
Квіток для мяне ўсё ж назаўтра знаходзіцца. Пляцкарт, ніжняя паліца побач з прыбіральняй. Да Іркуцку, наступнага пункту прыпынку, ехаць 76 гадзін.
Працяг будзе.