Удзень 22 лістапада ў Вільні будзе ніжэй за нуль, ветрана і вільготна.
Аб 11-й гадзіне ў пятніцу, 22 лістапада ў Катэдральным касьцёле Вільні пачнецца цырымонія разьвітаньня з паўстанцамі 1863–64 году. Апоўдні пачнецца ўрачыстая імша — на Катэдральнай плошчы паставяць вялікія экраны, каб любы ахвочы пачуў малітвы. Уласна перапахаваньне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў пачнецца а 14-й. Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю зь Вільні.
Наведнікам цырымоніяў 22 лістапада варта апранацца цёпла, калі верыць прагнозам надвор’я:
- Прагноз на папулярным у Літве сайце Delfi такі: максымум –1°С днём, зранку –3°, пераменная воблачнасьць, вецер 6 м/с.
- Блізкі прагноз дае The Weather Channel: максымум –1°С, хмарна, вецер да 7 м/с, вільготнасьць 62%.
- AccuWeather прагназуе –2°С, якія «адчуваюцца на –8», пераменную воблачнасьць, імавернасьць ападкаў у 25% і вільготнасьць звыш 50%, вецер у 5,5 м/с з парывамі да 8 м/с.
- BBC дае «найхаладнейшы» прагноз: днём максымум –3°С, якія «адчуваюцца на –11», вільготнасьць да 80%.
- «Самы цёплы» прагноз дае беларускі сайт Pogoda.by: днём 0..–2°С, пераменная воблачнасьць без ападкаў, вільготнасьць у 70%, вецер 7–9 м/с з парывамі да 15 м/с.
На суботу і нядзелю, калі таксама будуць праходзіць урачыстасьці, зьвязаныя з перапахаваньнем паўстанцаў Каліноўскага, прагназуюць яшчэ халаднейшае надвор’е: ад «каля нуля» да –5°С у суботу і –2..+1°С у нядзелю. Дажджоў не чакаецца, але высокая вільготнасьць захаваецца.
Перапахаваньне паўстанцаў — на Свабодзе
Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага 22 лістапада ў Вільні.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА