Гараджане тонамі спажываюць марозіва, жывёлаў у заапарку паліваюць са шлянга, яблыні цьвітуць другі раз, а караед зьнішчае лесапаркі. Свабода даведалася, як трыццаціградусная сьпёка ўплывае на жыцьцё і прыроду ў Беларусі.
У заапарку прымаюць душ і шмат пʼюць
Тыгры ходзяць у басэйн, малпам даюць больш садавіны, а ў каго цеплавы ўдар, тым колюць вітаміны.
Як сказаў Свабодзе намесьнік дырэктара Горадзенскага заапарку Віталь Гуменны, пітная халаднаватая вада — адзін з галоўных спосабаў, каб жывёліна ў сьпёку адчувала сябе нармальна. Рабочыя адсочваюць, калі вада заканчваецца, і даліваюць.
Сакавіты корм таксама дапамагае падтрымліваць патрэбны ўзровень вадкасьці ў зьвярыным арганізьме. Капытным жывёлам, як зубры, альпакі, бараны, козы, двойчы на дзень даюць сьвежаскошаную траву, малпам — болей сакавітых фруктаў, іншым — гародніну: капусту, моркву, кабачкі.
Жывёлаў абліваюць вадой са шлянга. У сьпёку яны самі ахвотна ідуць пад такі душ.
У драпежнікаў ёсьць басэйны або ванны. Ваду ў іх рэгулярна мяняюць: у каго раз на два дні, у каго раз на тыдзень. Надта любяць купацца тыгры, мядзьведзі. Ваўкі забіраюцца ў ваду ледзь не з галавой. Качкі-крыжанкі даюць нырца і круцяцца ў вадзе, як дзеці. Альпакам наліваюць ваду ў яміны ў зямлі. Яны выкочваюцца ў гэтых лужынах.
Панічна баяцца вады львы, некаторыя альпакі. У такіх жывёлаў проста паліваюць вадой вальер, каб астудзіць зямлю.
Усе памяшканьні, куды можна схавацца ад сонца, цягам дня адчынены. Іх зачыняюць, толькі калі трэба прыбраць вальер.
Ставяць дадатковыя паветкі-грыбкі, каб стварыць цень, хаткі з дахам для малых драпежнікаў. Птушкі хаваюцца ў разгалістых дрэвах.
Вэтэрынары, якія працуюць у заапарку, кожную гадзіну абыходзяць і правяраюць жывёлаў.
Зразумець, што жывёлам горача, можна па некалькіх прыметах, кажа Віталь Гуменны. Яны робяцца млявыя. Высоўваюць язык, каб ахаладзіцца, птушкі адкрываюць дзюбу.
Жывёлам, якія атрымалі цеплавы ўдар, колюць вітаміны. У такім стане яны таксама спыняюць актыўнасьць, хістаюцца, калі ўстаюць. Каб жывёлы ў Горадзенскім заапарку трацілі прытомнасьць, такога не было. Хаця ў тэорыі ад цеплавога ўдару можна нават памерці.
Падскочылі продажы марозіва
Сёлетняя сьпёка паспрыяла продажам марозіва ў Беларусі. Пра гэта Свабодзе кажуць на беларускіх фабрыках.
«Марозіва — гэта такі сэзонны асартымэнт, і на попыт апэратыўна ўплывае надворʼе. Як толькі тэмпэратура за вакном ідзе ўверх, адразу павялічваецца», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў службе продажаў і маркетынгу Магілёўскай фабрыкі марожанага.
Дырэктарка дзяржаўнага прадпрыемства Тацяна Бандарчук паведаміла, што продажы марозіва дзякуючы сьпёцы вырасьлі на 1,5–1,7%.
Магілёўская прадукцыя разыходзіцца па ўсёй Беларусі, але асноўная частка прадаецца ў абласным цэнтры. Як удаецца выжываць у канкурэнтным асяродзьдзі?
«У нас, на жаль, камандуюць не вытворцы, а сеткі. Але стараемся. Сёлета выдалі эксклюзіўнае чорнае марозіва. У Беларусі яго ніхто не вырабляе», — кажа дырэктарка фабрыкі.
На фабрыцы «Брэсцкае марожанае» сказалі, што колькасьць продажаў марозіва павялічылася на 30% параўнальна зь мінулым годам.
«Мы прадалі каля 60 тон за мінулы месяц. І ў гэтым месяцы плянуем адгрузіць яшчэ больш», — сказала карэспандэнту Свабоды спэцыяліст аддзелу продажаў фабрыкі Ірына.
Прадстаўніца гомельскай кампаніі СТАА «Інгман марожанае» Тацяна Патапчук сказала Свабодзе, што продажы марозіва павялічыліся на 23%.
Паводле дырэктара Менскага холадакамбінату № 2 Аляксандра Рубінава, прадпрыемства сочыць за надворʼем і, натуральна, у сьпёку продажы павялічваюцца ў тры разы. Прадукцыя пастаўляецца ва ўсе вобласьці Беларусі, але асноўная маса ідзе на Менск.
«У сталіцы мы прыкладна 30 тон у дзень прадаём у такую сьпёку».
Мінулы год, кажа Рубінаў, быў «неспрыяльны, прахалодны». Затое за 7 месяцаў сёлета камбінат прадаў на 120 працэнтаў больш марозіва, чым летась.
Па словах Рубінава, надворʼе, аднак, не ўплывае на цану. «Яна залежыць ад эканамічных паказчыкаў. Я думаю, што сёлета мы падымаць цану наагул ня будзем».
Трусы паміраюць ад сьпёкі
Сьпёка дадае клопату і прыносіць страты ў гаспадарцы. Жыхарка вёскі Каранёўка Гомельскага раёну Эла Інюціна трымае каля чатырох дзясяткаў трусоў — гэта «Францускія бараны» і «Каліфорнія». У сквар самка прынесла прыплод. Яна вышчыпвала на сабе пух, каб зладзіць дзецям гняздо, таму аблысела, пакутавала ад сьпёкі. Дый роды ў сьпёку — стрэс для жывёлы.
«Я не дагледзела. Трусіха ляжала, закінуўшы галаву, цяжка дыхала... Напэўна, спынілася сэрца», — мяркуе Эла.
Усіх сямідзённых трусянят яна выгадавала — карміла праз шпрыц казіным малаком. Цяпер дбае пра камфорт для іншых трусоў — прыкрыла клеткі белымі прасьцінкамі і некалькі разоў у дзень палівае шыфэрныя дахі вадой са шлянга. Гаспадыня часта мяняе ваду ў паілках, масажуе гадаванцаў.
«Калі ваду не ўціраць у поўсьць — ніякай карысьці ня будзе, яна проста сьцячэ, і ўсё», — кажа вяскоўка.
Пакутуюць ад анамальнай сьпёкі і гадаванцы міні-зьвярынца, што каля гомельскай царквы Сьвятога Міхала Архангела. Балазе вернікі паклапаціліся пра трусоў і стварылі ім умовы, набліжаныя да натуральных. Жывёлам насыпалі гару зямлі. Трусы зрабілі сабе норы, дзе могуць перачакаць 30—35-градусную сьпёку.
Не адзін раз на год сады цьвітуць
Жыхары вёсак Рагачоўскага і Гомельскага раёнаў толькі пасьпелі сабраць ураджай яблык, як у жніўні некаторыя дрэвы заквітнелі другім наваратам.
Гэткія незвычайныя зьявы ў прыродзе апошнімі гадамі заўважаюцца ўсё часьцей: высокая тэмпэратура ўдзень, цёплыя ночы, глябальнае пацяпленьне клімату. Але для расьліны гэта ня вельмі добра, кажуць адмыслоўцы зь біялягічнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсытэту.
Расходаваньне перад зімоўкай пажыўных рэчываў зьнясільвае расьлінны арганізм. Дый новы ўраджай яблык наўрад ці зьявіцца — каб плады вырасьлі і сасьпелі, патрэбны працяглы тэмпэратурны рэжым, патлумачылі на біяфаку.
Тым часам грыбнікоў у лесе чакае расчараваньне: маладыя і моцныя на выгляд баравікі — спрэс чарвівыя. У сьпёку чарвякі размнажаюцца нашмат хутчэй. А калі пахаладае, цыкл іх разьвіцьця запавольваецца.
Сьпёка спрыяе размнажэньню караедаў
Праз жука-шкодніка пад санітарную выпілоўку ў Магілёве трапляе хвойнік прыгарадных лесапаркаў. Палясоўшчыкі кажуць: калі дрэва, заселенае караедам, у час ня сьсекчы, пошасьці набяруцца суседнія.
Масавае размнажэньне жука-шкодніка зьвязваецца з пацяпленьнем клімату і паніжэньнем грунтовых водаў.
Цяпер брыгады лесьнікоў ратуюць адно з улюбёных месцаў адпачынку гараджан — Любускі лесапарк. Ён на ўскрайку гораду ля шашы на Воршу. Тут нямала дзялянак, дзе дрэваў амаль не засталося. Сьпілаваныя елкі ды сасонкі апэратыўна вывозяць зь лесу. Дрэва засяляецца жуком за некалькі дзён. Паточанае ім, яно неўзабаве засыхае.
«Нам нічога не застаецца, як высякаць лес, бо іншых сродкаў барацьбы з караедам няма», — тлумачыць супрацоўнік Любускага лясьніцтва.
«Выправіць сытуацыю, — кажа ён, — можа толькі лютая зіма з трыццаціградуснымі маразамі. А сьпякотнае лета спрыяе размнажэньню жука-шкодніка. Яго становіцца яшчэ болей».
Па словах суразмоўцы, падобная, як у Любускім лесапарку, сытуацыя — на ўсёй тэрыторыі, падкантрольнай Магілёўскаму лясгасу.
Высьветліць маштабы экалягічнага бедзтва ў кіраўніцтва прадпрыемства не ўдалося. Між тым вядома, што на Магілёўшчыне караедам пашкоджана больш за 10 тысяч гектараў хвойніку. Найбольш пацярпелі ад жука паўднёвыя раёны вобласьці — Асіповіцкі, Бабруйскі ды Глускі.
Летась ад караеда пацярпеў яшчэ адзін магілёўскі лесапарк — Пячэрскі. Размнажэньню жука-шкодніка таксама спрыяла сьпёка і нехалодная зіма. У лесапарку сьпілавалі больш за паўтары тысячы дрэваў.
Замест высечанага хвойніку высадзілі ліставыя пароды дрэў. Тое ж робяць цяпер і ў Любускім лесапарку. Сытуацыя ў гэтым лясным масіве пакуль застаецца па-за ўвагаю эколягаў.
Тым часам грамадзкасьць дамагаецца, каб Пячэрскаму лесапарку надалі статус помніка прыроды і распрацавалі канцэпцыю яго разьвіцьця з улікам зьменаў клімату.
У Беларусі летась пад санітарнае высяканьне падпала 121 тысяча гектараў лесу. Больш за сем мільёнаў кубамэтраў драўніны раней ператварылася ў буралом. Гэта траціна гадавога абʼёму лесанарыхтоўкі. Прагназуецца, што такія ж страты будуць і сёлета. Найбольш пашкоджаныя жуком-караедам лясныя масівы Гомельшчыны і Берасьцейшчыны.