22 лістапада ў Вільні будуць ушаноўваць памяць Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў. Свабода знайшла сучасных Кастусёў Каліноўскіх і спытала, як ім жывецца з такім імем.
«Дапамагала здаць іспыты»
28-гадовы Кастусь Каліноўскі стаў цёзкам беларускага рэвалюцыянэра выпадкова: кажа, што бацькі не ўкладалі ў ягонае імя асаблівага сэнсу. На перапахаваньне Каліноўскага хлопец не паедзе, але ставіцца да яго асобы з павагай.
«Матуля мяне называла Касьцюшка, таму спачатку даведаўся пра Тадэвуша. І потым пра Каліноўскага», — кажа хлопец.
У школе, калі па гісторыі Беларусі вывучалі антырасейскае паўстаньне 1863–1864 гадоў і асобу Каліноўскага, Кастусь чырванеў, бо аднаклясьнікі глядзелі на яго і ўсьміхаліся.
«Такі незразумелы быў стан: быццам бы і ня сорамна, але крыху няёмка, што ўсе глядзяць».
Калі хлопец вучыўся ва ўнівэрсытэце, знакамітае спалучэньне імя і прозьвішча дапамагала яму здаваць іспыты.
«На гісторыі адразу знайшлася тэма для размовы з выкладчыкам. На экзамэне па мовах праграмаваньня выкладчык вельмі ўзрадаваўся і сказаў, што ён сам жыў на вуліцы Каліноўскага, таму быў станоўча настроены да мяне».
«Памылку ў прозьвішчы не зрабіце»
Другому Кастусю Каліноўскаму 31 год. Сам ён са Жлобіна. Успамінае, як знаёмыя казалі яму: «Галоўнае, каб паўстаньня не падняў!»
Цяпер працуе ў адной з крамаў Менску. Нядаўна падпрацоўваў у краме на вуліцы Каліноўскага і, калі загадчыца запаўняла ведамасьць, пажартаваў: «Вы хаця б памылку ў прозьвішчы не зрабіце!»
Калі вучыўся ў школе, то спрабаваў даведацца — раптам ён нашчадак рэвалюцыянэра Каліноўскага?
«Пытаўся ў сваякоў, ці не належу я да гэтага роду. Сказалі, што не».
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА