Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 8 тысяч беларусаў патрабуюць забараніць цыркі з жывёламі


Акцыя супраць цырку з жывёламі ў Кіеве, 27 студзеня 2019 году
Акцыя супраць цырку з жывёламі ў Кіеве, 27 студзеня 2019 году

Пад пэтыцыяй супраць выкарыстаньня жывёлаў у цырках на сайце petitions.by падпісаліся на момант публікацыі 8570 чалавек.

Аўтары пэтыцыі падкрэсьліваюць, што ўжо больш як 45 дзяржаваў сьвету цалкам або часткова забаранілі выкарыстоўваць у індустрыі забаў жывёлаў, у Эўропе цыркаў зь дзікімі жывёламі ўжо практычна не засталося. Яны заклікаюць Беларусь стаць адной з такіх краінаў і просяць абмежаваць на тэрыторыі Беларусі дзейнасьць цыркаў, якія выкарыстоўваюць у сваіх шоў, атракцыёнах жывёлаў.

У якасьці прычынаў забароны цыркаў з жывёламі аўтары пэтыцыі называюць жорсткасьць мэтадаў дрэсуры жывёлаў у цырку, неналежныя ўмовы ўтрыманьня, стрэс і хваробы жывёлаў, а таксама выпадкі сьмерцяў пры іхнай перавозцы, кароткі тэрмін жыцьця «артыстаў», згубны ўплыў такіх відовішчаў на псыхіку дзяцей і інш.

Збор подпісаў працягваецца. Пасьля яго заканчэньня пэтыцыю плянуюць накіраваць у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

У Эўропе поўнай або частковай забароны на цыркі з выкарыстаньнем жывёл атрымалася дамагчыся ў 25 краінах. Агульнанацыянальная забарона дзейнічае ў Аўстрыі, Босьніі і Герцагавіне, Вугоршчыне, Вялікай Брытаніі, Грэцыі, Даніі, Кіпры, Італіі, Мальце, Нідэрляндах, Славеніі, Румыніі, Харватыі, Чэхіі, Швэцыі, Фінляндыі, Эстоніі. Лякальныя забароны дзейнічаюць у Бэльгіі, Нямеччыне, Ірляндыі, Гішпаніі, Нарвэгіі, Партугаліі, Польшчы, Эстоніі, ва Ўкраіне таксама працуюць над гэтым пытаньнем.

Таксама агульнанацыянальныя або частковыя забароны на выкарыстаньне жывёл у цырках дзейнічаюць у 6 краінах Азіі (агульнанацыянальная забарона: Іран, Ізраіль, Індыя, Кітай, Сынгапур і Тайвань), у 22 штатах ЗША і Канадзе, у 12 краінах Цэнтральнай і Паўднёвай Амэрыкі (агульнанацыянальная забарона: Балівія, Калюмбія, Коста-Рыка, Мэксыка, Панама, Парагвай, Пэру, Сальвадор, Эквадор, лякальныя забароны: Аргентына, Бразылія, Чылі) і ў Аўстраліі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG