Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэцыя перажыла адну з найгоршых паводак у гісторыі


Паводка ў Вэнэцыі 12 лістапада
Паводка ў Вэнэцыі 12 лістапада

Італьянскі горад Вэнэцыя перажыў увечары 12 лістапада другую найгоршую паводку за час рэгулярнай фіксацыі ўзроўню вады з канца ХІХ стагодзьдзя.

У 22.50 12 лістапада ўзровень вады ў вэнэцыянскай лягуне дасягнуў адзнакі 187 сантымэтраў, паведамляе італьянскае агенцтва ANSA.

Пад вадой апынулася каля 82 % тэрыторыі астраўной часткі гораду. Загінулі два чалавекі, у адным з выпадкаў ад удару электрычным токам у затопленым доме.

Некалькі суднаў гарадзкога воднага транспарту вынесла на набярэжную. Часткі вэнэцыянскіх астравоў заставаліся без электраэнэргіі.

Вада затапіла часткова і гістарычную базыліку Сан-Марка, толькі што адрамантаваную пасьля папярэдняй катастрафічнай паводкі ў канцы кастрычніка 2018 году. Мэр гораду Луіджы Бруньяра, прыплыўшы на плошчу перад саборам на катэры для інспэкцыі, заявіў: «Гэта ня проста надзвычайная паводка — гэта катастрофа, шкоду ад якой яшчэ трэба падлічыць».

Паводле гістарычных дадзеных, часткі ўнутранай прасторы базылікі дагэтуль затаплівала толькі пяць разоў, пачынаючы з 9-га стагодзьдзя — з тых часоў двойчы за апошнія 20 гадоў (цяперашні раз стаў трэцім за гэты час). Міністар культурнай спадчыны і турызму Італіі Дарыё Франчэскіні паабяцаў даць сродкі для паляпшэньня абароны базылікі ад паводак.

Апошнімі днямі ў рэгіёне Вэнэта і на ўсім паўночным усходзе Італіі працягваюцца моцныя залевы зь вятрамі, якія таксама выклікалі паводкі і шкоду ў іншых мясцовасьцях.

Акрамя таго, з прычыны непагадзі значны ўрон і ахвяры зазналі і іншыя рэгіёны Італіі. Тым часам сыноптыкі папярэджваюць, што ў канцы тыдня над краінай пройдзе новы цыклён зь вятрамі і залевамі.

Вэнэцыя, гістарычная частка якой разьмешчана на астравах у неглыбокай лягуне, цярпіць ад рэгулярных паводак, выкліканых шэрагам фактараў, усю сваю гісторыю. Некаторыя з гэтых паводак мелі катастрафічныя наступствы для гораду. З часу пачатку фіксацыі ўзроўню вады больш як стагодзьдзе таму найгоршая паводка, зь перавышэньнем на 194 сантымэтры над звыклым узроўнем вады, адбылася ў лістападзе 1966 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG