Міліцыя пасьля праверкі адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць мастака Аляксея Кузьміча, на якога напісалі скаргу за аголеную акцыю 3 кастрычніка, на адкрыцьці выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ).
Пра гэта Аляксей Кузьміч паведаміў у «Фэйсбуку».
«Усе мусоляць тэму голага чэлеса, але папраўдзе тут усё значна больш складана і комплексна, — тлумачыць Аляксей. — Я працую над дасьледаваньнем кантэксту, і гэта яшчэ не канец. Яны (дзяржаўная ўстанова культуры. — РС) сябе цалкам дыскрэдытавалі. Сваімі дзеяньнямі яны толькі паказалі, што я як мастак маю рацыю, а тыя праблемы і хваробы, якія існуюць у бюракратычных колах, праявіліся ў поўнай ступені».
Дванаццатага кастрычніка мастак дэмантаваў сваю выставу ў НЦСМ і сустрэў некаторых супрацоўнікаў — хтосьці падзякаваў, хтосьці папракаў няўдзячнасьцю. Падчас разбору ў цэнтар некалькі разоў прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, дапытвалі ня толькі непасрэдных куратараў, якія працавалі з выставай Кузьміча, але і ўсіх людзей, зь якімі ён меў хаця б нейкі кантакт.
«Людзі вельмі спужаліся, хтосьці плакаў, хтосьці калаціўся, — кажа Аляксей. — Супрацоўнікі культуры ня надта стрэсаўстойлівыя».
Паводле ўнутранай інфармацыі Кузьміча (крыніцы ён не называе), Крыштаповіч і Іназемцава першапачаткова нічога супраць акцыі ня мелі — разбор пачаўся на ініцыятыву Міністэрства культуры, якое і абавязала Іназемцаву напісаць заяўку ў міліцыю. Аляксей упэўнены, што ініцыятыва прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці належыць непасрэдна Ірыне Дрызе.
«Яны хацелі зрабіць публічнае катаваньне, — кажа Кузьміч. — Але калі пачалася шуміха, калі яны пабачылі маю рэакцыю, што замест таго, каб баяцца і кудысьці ўцякаць, я проста троліў іх, яны насьцярожыліся, я нават ня ўпэўнены, ці будуць яны аспрэчваць гэтае рашэньне».
У пастанове міліцыі аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы гаворыцца, што:
- выступ мастака быў узгоднены з кіраўніцтвам цэнтру, хоць падрабязнасьці яго і не абмяркоўваліся;
- мастак «ня меў намеру на хуліганскія дзеяньні», патлумачыў свае дзеяньні як «мастацкае выказваньне на мастацкай пляцоўцы і ў рамках мастацкага поля»;
- ягонай акцыі «не перапыніў і не спыніў» ніхто з прадстаўнікоў НЦСМ,
- «палавыя органы Кузьмічом не агаляліся і прысутным не дэманстраваліся», «грамадзкі парадак парушаны ня быў».
Як адзначаецца ў пастанове, улічваючы вышэй пералічанае, у дзеяньнях Аляксея Кузьміча адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага Крымінальным кодэксам, іх можна кваліфікаваць паводле арт. 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («дробнае хуліганства» (караецца штрафам ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам).
Мастак Аляксей Кузьміч 3 кастрычніка правёў акцыю «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры». Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».
Пратэст супраць цэнзуры ацанілі ня ўсё — на мастака падалі заяву ў міліцыю. Як вынікае з дакумэнтаў, грамадзянка О.А. Іназемцава запатрабавала прыцягнуць Кузьміча да крымінальнай адказнасьці за «грубае парушэньне грамадзкага парадку».
НЦСМ заявіў пра поўную недатычнасьць да акцыі мастака і што «рэзка асуджае любыя дзеяньні і акцыі, якія дэманструюць цынічную непавагу да грамадзтва і ягоных дзяржаўных інстытутаў».
10 кастрычніка мастака выклікалі ў міліцыю. У сваім фэйсбуку ён апублікаваў прэтэнзію НЦСМ, дзе ўстанова прапануе тэрмінова прасіць прабачэньня за акцыю ў інтэрнэце. У іншым выпадку НЦСМ абяцае судзіцца з Кузьмічом у абарону сваёй дзелавой рэпутацыі.