У сярэдняй школе № 32 Гомеля прайшла агітацыйная сустрэча з кандыдатам у дэпутаты, галоўным ідэолягам рэгіёну Ірынай Даўгалай. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі праекту «Варта», ці «жывыя чалавекі» — так яны самі сябе называюць. У выніку пачаўся гармідар і лямант, частка выбарнікаў мусіла зьбегчы.
«Мы не ўмеем цаніць тое, што маем»
На сход прыйшлі супрацоўнікі школы № 32, пэнсіянэры, і прадстаўнікі праекту «Варта». Яны называюць сябе «жывымі чалавекамі» і прапагандуюць адмову ад дакумэнтаў і стасункаў зь дзяржавай.
Ірына Даўгала распавядала пра сваю праграму, асноўныя пункты якой сувэрэнітэт, парадак у краіне, годнае жыцьцё, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы і прэстыжу сям’і.
«Першыя пункты маёй праграмы — сувэрэнітэт і парадак у краіне. Мы, напэўна, ня ўмеем цаніць тое, што маем. Калі я чую розныя выказваньні кшталту „там блага, там блага“ — ведаеце, трэба ўсё-ткі ўмець бачыць добрае», — заклікала кандыдатка.
Яна ўзгадала канфлікт ва Ўкраіне, які пачаўся пяць гадоў таму, і дадала, што «і ня думаеш пра тое, што тыя аўтаматы раптам могуць зьявіцца ў нас, у Гомелі». «Думаю, далёка не выпадкова менавіта Беларусь, Менск стаў пляцоўкай для мірных перамоў», — зазначыла Ірына Даўгала.
«Чаму я ўтрымліваю асоб цыганскай нацыянальнасьці?»
Адной з першых пытаньне задала пэнсіянэрка, якой было «вельмі крыўдна», што яна атрымлівае не тую пэнсію, якую заслужыла, бо «ўтрымліваю тых, хто не працаваў, асабліва асоб цыганскай нацыянальнасьці».
«Да чаго мне крыўдна, што я працавала на заводзе, і не магу атрымаць тую пэнсію, якую заслужыла, а мушу аддаваць яе тым, розным, як цыганам — чаму ім плацяць пэнсію? Мне крыўдна. Такая несправядлівасьць», — паскардзілася пэнсіянэрка.
«Я зразумела ваш асноўны пасыл — па цыганах. Складана казаць, таму што ўсе грамадзяне нашай краіны, як бы там не было, мы ня дзелім на нацыянальнасьці ці канфэсіі. Пэўная доля разумнага пасылу ў вашых словах абсалютна ёсьць, таму што сапраўды ёсьць у гэтым пляне пэўныя пытаньні, над якімі трэба задумацца. Але перш чым прымаць нейкі закон — праводзіцца пэўны аналіз, бярэцца статыстыка. Сёньня даць адказ — чаму так? — мне складана», — адказала кандыдатка.
Дадаткова пэнсіянэрка паскардзілася на інвалідаў, якія атрымліваюць пэнсіі, але атрымалі захворваньне праз тое, што пілі алькаголь.
«Хопіць, у нас скончыўся працоўны час!»
Пытаньні пачалі задаваць «жывыя чалавекі». Жыхар Гомеля Юрый Уласаў спытаўся: ці праўда кандыдаты дзеляцца на тых, хто ад сыстэмы, і хто не? І ці падтрымлівае кандыдатка такі падзел?
«Не падтрымліваю. У нас сёньня заканадаўства прадугледжвае абсалютна роўныя правы кожнаму чалавеку. У нас на акрузе № 34 балятуюцца чатыры чалавекі. Я ня маю ні падстаў, ні паўнамоцтваў падзяліць іх. Ва ўсіх аднолькавыя правы», — адказала галоўны ідэоляг. Яна дадала, што ў яе камандзе няма ніводнага чалавека з «адміністрацыйнага рэсурсу» — сфэры культуры ці СМІ.
Юрый Уласаў цікавіўся: чаму па статыстыцы сярэдні заробак — тысяча рублёў, але гэта «брудныя» грошы, з улікам падаткаў, чаму ў краіне шэраг эканамічных праблем? Ідэоляг адказала, што ў сьвеце няма ідэальных краін. Уласаў прывёў прыклад Даніі і Нарвэгіі.
«Дык чаму вы не ў Нарвэгіі?», — запыталася ў яго Ірына Даўгала.
Пэнсіянэркі пачалі крычаць, што ў Даніі і Нарвэгіі не было вайны, таму там жывуць добра. Юрый Уласаў спрабаваў патлумачыць — адкуль эканамічныя посьпехі ў скандынаўскіх краін, але пачаўся суцэльны лямант.
«Хопіць ужо! Колькі можна! У нас скончыўся працоўны час, нам дахаты трэба!», — закрычалі некаторыя жанчыны. Адна з іх, карыстаючыся нагодай, пачала выбірацца з залі.
«Я цябе сфатаграфую на тэлефон, і пакажу дырэктару, што ты сыходзіш», — прашаптала ёй калега.
«Што мы мусім цаніць — другое месца па самазабойствах?»
Потым слова ўзяў «жывы чалавек» Аляксей Елісееў. Ён пацікавіўся: што канкрэтна за дзесяць гадоў на працы ў аблвыканкаме зрабіла Ірына Даўгала? Што гэта за «эфэмэрная структура — упраўленьне ідэалёгіі»?
«Я пачытаў гісторыю: ідэалягічныя ўпраўленьні стваралі толькі дыктатарскія рэжымы, калі ўсё было блага, народу трэба было данесьці, што ўсё добра. У свой час Джордж Оруэл напісаў праўдзіва пра вашу ідэалёгію і назваў гэта „Міністэрствам праўды“. Вы кажаце, што трэба цаніць тое добрае што ў нас ёсьць. Што цаніць? У БССР было больш за 6 тысяч школ, цяпер у нас 2700. Нашы ўнівэрсытэты займаюць самыя нізкія рэйтынгі, наша адукацыя нідзе ў сьвеце ні цэніцца. Нас Польшча значна абагнала па эканоміцы, якая была ў горшым стане, чым мы ў 90-х. Дык што нам цаніць?», — спытаўся Аляксей Елісееў.
Адна з пэнсіянэрак закрычала на яго: «А што вы асабіста зрабілі для дзяржавы?! Прыйшлі сюды і ўсіх нас заводзіце!»
«Колькі Эўразьвяз даў грошай Польшчы, колькі? Вы ведаеце, колькі?», — крычалі іншыя пэнсіянэркі.
Жыхар Гомеля працягнуў: «У нас першае месца ў сьвеце па колькасьці міліцыі, якую мы аплачваем, другое ў Эўропе па самазабойствах — гэта нам цаніць? Вы Ўкраіну тут узгадалі. Ва Ўкраіне прайшлі незалежныя, свабодныя выбары», — заўважыў Аляксей Елісееў.
«Гэта — выбары?», — зьдзівілася Ірына Даўгала.
«Вы будзеце ручку цягнуць за дыктатара ў палатцы — нам гэта цаніць? У нас 174 месца ў сьвеце па свабодзе слова — нам гэта цаніць?», — працягнуў жыхар Гомеля.
На гэтых словах яшчэ адна пэнсіянэрка падскочыла і пабегла з залі з крыкам: «Я не магу больш слухаць гэты жах! Жудасныя рэчы, жудасныя! Адкуль вы ўзялі пра 174 месца?»
Аляксей Елісееў пералічыў яшчэ шмат беларускіх праблем, якія варта «цаніць» і спытаўся ў кандыдаткі: ці ёсьць у яе дзеці, унукі, ці спакойна яна сьпіць?
«У мяне і дзеці, і ўнукі. І я магу сказаць толькі адно: калі чалавек верыць у тое, што ён робіць — гэта значыць, будзе і вынік! Ідэалёгія — гэта не вытворчасьць прадукцыі. Гэта праца з людзьмі, гэта арганізацыя палітычных кампаній. Калі мы не ўмеем цаніць тое, што маем... вы яшчэ малады і не памятаеце, як у нас былі ў 90-х талёны», — заўважыла Ірына Даўгала.
Пэнсіянэркі пачалі пытацца ў Аляксея Елісеева — дзе ён працуе? Пачуўшы, што прадпрымальнікам, адна з іх выказалася: «Ведаем вас, як нажываецеся. Адзін такі, ведаю я яго, на рынку гандлюе — адной дачцэ купіў кватэру, другой купіў — вось як вы нажываецеся!»
«Вы хацелі бэнэфіс — вы яго атрымалі», — заўважыла ідэоляг.
Пад лямант некаторыя хуценька сыходзілі з залі.
Тым часам пытаньне задаў малады чалавек, які, паводле яго слоў, нядаўна вярнуўся з войска. Там ён заўважыў, што «80% моладзі пляваць на патрыятызм, герб, сьцяг, і Радзіму».
«Што вы зрабілі для патрыятызму, для ідэалёгіі?», — спытаўся ўчарашні жаўнер.
«Пытаньні патрыятызму — гэта не асобнае мерапрыемства, гэта сыстэма. Шчыра кажучы, гэта адно з самых галоўных пытаньняў. Зноў-такі, яго трэба задаваць, пачынаючы з сям’і», — заўважыла кандыдатка.
«Вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат»
Слова ўзяла яе давераная асоба, пэдагог-арганізатар Галіна Друзь. Яна выказалася, што ў СССР былі акцябраты і піянэры. Потым нейкі час, у 90-я, іх не было.
«Якраз у той час трапілі людзі, якія былі кінутыя тады, нікому не патрэбныя. Вельмі складана было працаваць з дзецьмі такіх бацькоў. Бо яны не хацелі, каб іх дзеці ішлі ў нейкія арганізацыі, у іх свой боль — каб дзеці не былі падманутымі», — патлумачыла пэдагог-арганізатар. Яна дадала, што ўклала шмат сіл, каб «дзецям не было сорамна апрануць піянэрскі гальштук».
Ірына Даўгала вярнулася да тэмы патрыятызму, і распавяла, што «вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні салдат».
«Калі мы рабілі ў Лоеве мэмарыяльны комплекс, аналягаў якому няма не тое што ў Эўропе, у сьвеце, вы толькі ўдумайцеся — там 326 герояў Савецкага Саюзу пахаваны, там бераг Дняпра быў цаглянага колеру ад крыві... І кожнае імя высечана на мэмарыяльных плітах. У Сьветлагорскім раёне была спалена вёска, больш за 1700 людзей, 950 дзяцей — як такое можна забыць?», — задалася пытаньнем кандыдатка.
«Жывыя чалавекі» пачалі крытыкаваць піянэраў і БРСМ, выбарцы тым часам пацягнуліся да дзьвярэй.
Сустрэча скончылася кароткай агітацыяй пэдагога-арганізатара, якая дала станоўчую характарыстыку кандыдатцы, якая спалучае ў сабе «спагадлівасьць і неверагодную патрабавальнасьць — у першую чаргу да сябе».
Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН