Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк: падрыхтавана 17 варыянтаў новай Канстытуцыі


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кандыдат у дэпутаты на сёлетніх выбарах, Ігар Марзалюк распавёў сваім выбаршчыкам пра падтрыхтаваныя 17 варыянтаў Канстытуцыйнага акту.

Пра гэта паведаміў магілёўскі сайт mspring.online.

Пра новую Канстытуцыю Марзалюк распавёў на сустрэчы з выбаршчыкамі ў сярэдняй школе № 40 Магілёва, дзе ён балятуецца ў дэпутаты па 84-й акрузе.

Кандыдат выступаў па-беларуску, сайт mspring.online выклаў аўдыёзапіс выступу.

Ігар Марзалюк сказаў:

— А цяпер самае важнае — чым будзе займацца новы парлямэнт і чым я буду займацца, калі вы мне акажаце давер. Мы яшчэ не адчуваем, што мы знаходзімся на зломе эпох. Беларусь за 25 гадоў прайшла вельмі вялікі, складаны, цяжкі і абсалютна неадназначны шлях. Разам з тым мы захавалі дзяржаву з усімі яе атрыбутамі. Мы змаглі не праваліцца. Але мы выкарыстоўвалі той рэсурс, у тым ліку, скажам так, рэсурс савецкі, які быў.

Таму найважнейшая задача для парлямэнту, для тых, хто прыйдзе — гэта праца над новым варыянтам Канстытуцыі, над новай мадэльлю палітычнай сыстэмы. Ясна, што ўсё гэта будзе праходзіць праз рэфэрэндум. Ясна, што ўсё гэта будзе праходзіць з улікам меркаваньня абсалютнай большасьці грамадзянаў.

У цэлым зьмянілася грамадзтва. Настаўнікі, вядома, гэта адчуваюць. Так, у сваіх аўдыторыях яны адчуваюць гэта вельмі дакладна. Некалькі дзясяткаў тысяч зьявілася даляравых, легальных мільянэраў. Толькі ў адным Менску. Зьмянілася структура грамадзтва. Маса людзей, якія займаюцца малым і сярэднім бізнэсам. Разумная дзяржава, разумеючы зьмену структуры, разумее, што неабходна мяняць і палітычную сыстэму, мяняць Канстытуцыю, у тым ліку.

Ёсьць на сёньняшні дзень 17 розных варыянтаў Канстытуцыйнага акту. Самыя важныя канстытуцыйныя зьмены — гэта пераразьмеркаваньне ўладных функцый, гэта больш улады парлямэнту, які будзе кантраляваць прэм’ер-міністра і ўрад у цэлым, гэта адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, рэформа мясцовага самакіраваньня. Менавіта беларуская ўлада, якую абвінавачваюць ва ўсіх грахах, абсалютна асэнсавана пойдзе на вялікую лібэралізацыю, большую свабоду ў гэтым кірунку. Для нас самае галоўнае — захаваць беларускую дзяржаўнасьць, зрабіць Беларусь цалкам легітымнай, адэкватнай краінай у сьвеце, прызнанай усімі.

Як паведамляе mspring.online, таксама 5 лістапада Ігар Марзалюк правёў яшчэ адну сустрэчу з выбаршчыкамі — у сярэдняй школе № 35 у Магілёве.

Падчас гэтай сустрэчы ён сказаў, што сёлетнія парлямэнцкія выбары — «апошнія па мажарытарнай сыстэме».

Марзалюк лічыцца адным з самых набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Многім ён запоўніўся тым, што публічна плакаў ад захапленьня падчас аднаго выступу кіраўніка дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG