Заўзятары за суткі сабралі на онлайн-платформе сhange.org 1500 подпісаў з патрабаваньнем сысьці ў адстаўку дзейнае кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу.
«Ад імя заўзятараў футбольных клюбаў Беларусі» аўтары звароту просяць вызваліць ад займаных пасадаў старшыню БФФ Уладзімера Базанава, першага намесьніка старшыні Юрыя Вяргейчыка і дырэктара Дэпартамэнту судзейства і інспэктаваньня Андрэя Чэпу.
У пэтыцыі патрабуюць правесці выбары кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футбола «сярод кандыдатаў, якія маюць станоўчы вопыт кіраўніцтва і наўпроставае дачыненьне да футболу (гульцы, трэнэры і г. д.)».
Таксама, паводле стваральнікаў пэтыцыі, новае кіраўніцта мае распрацаваць сьпіс рэформаў у наступных накірунках:
- развіцьцё дзіцяча-юнацкага футбола;
- прыцягненьне гледача на стадыёны, паляпшэньне інфраструктуры стадыёнаў футбольных клюбаў вышэйшай лігі;
- прыцягненьне «рэклямных партнэраў»;
- прыцягненьне замежных судзьдзяў на ключавыя матчы вышэйшай лігі, павысіць якасьць судзейства шляхам дадатковага навучаньня і адбору арбітраў пры іх прызначэньні;
- стварэньне прафсаюзу гульцоў, трэнэраў і судзьдзяў.
Сёлета ў сакавіку 61-гадовага Ўладзімера Базанава на безальтэрнатыўнай аснове абралі кіраўніком Беларускай фэдэрацыі футболу.
Ён дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Берасьцейскай-Памежнай акругі № 4, намесьнік старшыні камісіі нацыянальнай бясьпекі. Мае вайсковае званьне палкоўніка. У 2010–2012 гадах быў старшынём футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце). Пры ім берасьцейцы змагаліся за выжываньне ў найвышэйшай лізе і мелі сур’ёзныя фінансавыя праблемы.