Ня ўсе незалежныя дзяржавы, былыя рэспублікі СССР, адразу пасьля распаду адмовіліся ад сьвяткаваньня гадавіны рэвалюцыі 1917 году.
Ва Ўкраіне 7-8 лістапада былі выходнымі і сьвяткавалася менавіта як гадавіна рэвалюцыі да 2000 году. 1 лютага прэзыдэнт Леанід Кучма падпісаў закон аб выключэньні гэтых датаў са сьпісу дзяржаўных сьвятаў.
У Расеі 7 лістапада перастала быць выходным днём у 2005 годзе, у сувязі з усталяваньнем новага дзяржаўнага сьвята — Дня народнага адзінства, які адзначаецца 4 лістапада,
У Кіргізстане дзень пачатку кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году быў сьвяточным да 2017 году.
26 кастрычніка 2017 году прэзыдэнт Алмазбек Атамбаеў сваім указам абвясьціў 7 і 8 лістапада Днём гісторыі і памяці продкаў (у памяць аб туркестанскім паўстаньні супраць расейскага кіраваньня ў 1916 годзе)
Беларусь — адзіная ў сьвеце міжнародна прызнаная дзяржава, у якой гадавіна пачатку кастрычніцкай рэвалюцыі — дзяржаўнае сьвята і выходны дзень.
Гэты дзень як дзяржаўнае сьвята адзначаецца таксама ў непрызнаным Прыднястроўі — сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы.