На сустрэчы 5 лістапада ў Арабскіх Эміратах Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў праект пабудовы ў Менску Міжнароднага фінансавага цэнтру.
У час візыту ў ААЭ Лукашэнка сустрэўся зь віцэ-прэзыдэнтам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, прэм’ер-міністрам краіны, міністрам абароны і эмірам Дубаю шэйхам Мухамадам бэн Рашыдам аль-Мактумам. На гэтай сустрэчы абмяркоўваліся праекты ў транспартна-лягістычнай і фінансавай галінах.
Адзін з такіх праектаў — пабудова з дапамогай ААЭ Міжнароднага фінансавага цэнтру ў Менску. Цяпер, сьцьвярджае прэс-служба Лукашэнкі, праект ужо на стадыі завяршэньня распрацоўкі канцэпцыі.
Партал Tut.by са спасылкай на ўласныя крыніцы сьцьвярджае, што цяпер у якасьці асноўнай пляцоўкі разглядаецца поле між раёнам Зацань, лесапаркам і вадасховішчам Дразды. Плошча, якую могуць аддаць пад праект, складае «да тысячы гектараў» — давядзецца мяняць генэральны плян гораду.
Крыніцы парталу сьцьвярджаюць, што там будзе ня толькі бізнэс-зона, але і забаўляльная, і турыстычная зоны, і нават міжнародны выставачны комплекс (цяпер выставачны цэнтар зьбіраюцца будаваць пад самымі Курапатамі).
Тым часам на месцы зьнесенага выставачнага комплексу «БелЭкспа» між Опэрным тэатрам і Верхнім горадам інвэстар з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў будуе гатэльны комплекс. Паведамлялася, што фонд Royal Group насьледнага прынца Абу-Дабі Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна, прыяцеля Аляксандра Лукашэнкі, гатовы ўкласьці ў забаўляльны бізнэс у Менску 250 мільёнаў даляраў.