Аўтар фільму «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», папулярны блогер NEXTA прапануе прыхільнікам сабрацца ў цэнтры Менску. Да яго далучыліся некаторыя кандыдаты ў дэпутаты і аўтары палітычных каналаў. Што гэта будзе, гаворым з ініцыятарам збору Сьцяпанам Пуцілам.
«Я не палітык»
— Гэта будзе нешта кшталту палітычнай акцыі зь лёзунгамі?
— Я не палітык, і гэта не палітычная сустрэча, рэвалюцый ніхто не плянуе. Гэта проста сход людзей. Я даўно думаў пра гэта, калі чытаў камэнтары, прапановы людзей. Спускавым кручком стаў эмацыйны зварот блогера MozgON пра тое, што настаў час нешта вырашаць разам, абмяркоўваць праблемы, а ня толькі асьвятляць тое, што адбываецца.
— Чаму менавіта цяпер?
— Цяпер ідзе такая перадвыбарчая лібэралізацыя. Я паразмаўляў з рознымі кандыдатамі, і яны пагадзіліся дапамагчы. Я прасіў, каб гэта было не зьвязана з выбарчай праграмай, каб там не было выступаў кандыдатаў. Яны проста фармальна даюць пляцоўку для бясьпечнага збору людзей. Пакуль рана казаць, што гэта за кандыдаты, але яны будуць на сустрэчы.
— Можа, вас ужо падтрымалі іншыя блогеры?
— Я прапанаваў ім прыйсьці. Дакладна пацьвердзілі ўдзел аўтар каналу «Грамадзтва Гомель», які мае 40 тысяч падпісчыкаў, Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, блогер Марат Менскі; спадзяюся, Эдуард Пальчыс падыдзе.
«Пляную ўдзельнічаць у акцыі»
— А як вы плянуеце ўдзельнічаць, прыехаць?
— Я пляную ўдзельнічаць, асабіста ці не, пакуль не магу сказаць. Пакуль не раскрываў, якім чынам.
— А што, калі зьбяруцца дзясяткі тысяч, у вас жа папулярны канал?
— Тут няма разьліку на вялікую колькасьць людзей. Тут спроба спраўдзіць, ці гатова ядро падпісантаў сустракацца офлайн, каб абмеркаваць бягучыя падзеі ў краіне і вырашаць, што рабіць далей. Гэта такі форум ці сходка блогераў і іхных падпісантаў. Я не зьбіраюся моцна рэклямаваць падзею.
— Там будуць нейкія выступоўцы з мэгафонам?
— Будуць, але гэта не галоўнае. Людзі будуць паміж сабой знаёміцца, кантактаваць, размаўляць. Там будзе «банк ідэяў», куды можна напісаць цыдулку са сваёй. Будзе нейкі розыгрыш сярод найлепшых ідэй.
«Моладзь ня ведае палітычных праблем»
— Штуршком стаў ваш фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які сабраў каля 2 мільёнаў праглядаў на розных плятформах? Вы чакалі такога ахопу?
— Я не чакаў, што ён зьбярэ столькі праглядаў. Але дзякуючы яму і пачаліся зрухі. Такога эфэкту я не чакаў. Ён сабраў і крытыку, але многія пыталіся, што ж рабіць з гэтым далей. Ці мы зноў засынаем на 25 гадоў? Фільм закрануў нейкі нэрв у людзей, у чыноўнікаў.
— А як думаеце, у чым посьпех фільму, бо раней выходзіла і «Беларуская мара», і іншыя фільмы падобнага кшталту?
— Апошні фільм выйшаў у 2011 годзе, гэта якраз «Беларуская мара». З таго часу моцна разьвіўся YouTube, туды прыйшло шмат моладзі. Асноўны касьцяк, каму фільм спадабаўся, — гэта моладзь да 25 гадоў. Шмат хто проста ня ведаў гэтых праблем, таму яны былі шакаваныя. Зьмяніліся альгарытмы YouTube, ён пачынае прасоўваць фільмы. Відэа на ўсіх сацсетках паглядзелі 2 мільёны чалавек, зь іх на YouTube — 1,4 мільёна.