Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская апазыцыя прапанавала даць права голасу грамадзянам ЭЗ і 16-гадовым


Дэбаты ў брытанскім парлямэнце: Джэрэмі Корбін супраць Борыса Джонсана
Дэбаты ў брытанскім парлямэнце: Джэрэмі Корбін супраць Борыса Джонсана

Брытанскі парлямэнт сёньня зноў абмяркоўвае пытаньне аб датэрміновых выбарах. Прэм’ер-міністар Барыс Джонсан і прадстаўнікі яго Кансэрватыўнай партыі лічаць іх адзіным выхадам, каб выйсьці з тупіку па пытаньні аб Brexit.

Пасьля правалу спробы распусьціць парлямэнт напярэдадні (гэтая прапанова Джонсана не атрымала патрэбных дзьвюх трацінаў галасоў) прэмʼер у аўторак вынес на абмеркаваньне законапраект аб правядзеньні выбараў 12 сьнежня.

Лідэр апазыцыйных лейбарыстаў Джэрэмі Корбін нечакана для многіх пагадзіўся на датэрміновыя выбары — супраць чаго выступіў шэраг чальцоў яго партыі.

Разам з гэтым, аднак, Корбін прапанаваў дзьве папраўкі, якія прадугледжваюць наданьне права голасу для грамадзянаў іншых краінаў ЭЗ, якія стала жывуць у Вялікай Брытаніі (іх лік ацэньваецца больш чым у 3 мільёны) і тым, каму споўнілася 16 гадоў (зараз права голасу маюць толькі тыя, хто дасягнуў 18 гадоў).

Гэтыя папраўкі непрымальныя для ўраду, і калі яны будуць падтрыманыя, то, як паведамляюць брытанскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы, Джонсан адкліча законапраект і адмовіцца ад датэрміновых выбараў.

  • Эўразьвяз напярэдадні пагадзіўся перанесьці дату Brexit з 31 кастрычніка на 31 студзеня 2020 году. Джонсан заяўляе, што да гэтага часу неабходна абраць новы парлямэнт, які — у выпадку перамогі кансэрватараў — ратыфікуе пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ, якое не змог ратыфікаваць цяперашні парлямэнт.
  • Кіраўнік Эўрапейскай Рады Дональд Туск у аўторак, паведамляючы аб пераносе даты Brexit, напісаў у Твітары, што гэтая адтэрміноўка можа быць апошняй, і заклікаў Вялікую Брытанію разумна распарадзіцца прадастаўленым часам.
  • Прэмʼер Джонсан заяўляе, што цяперашні парлямэнт зайшоў у тупік, паколькі блякуе ўсе прапановы ўраду па пытаньні аб Brexit, і пры гэтым не прапануе альтэрнатывы.
  • Кансэрватары страцілі большасьць у парлямэнце, аднак апазыцыя не сьпяшаецца абвяшчаць Джонсану вотум недаверу, паколькі ў лідэра лейбарыстаў Джэрэмі Корбіна таксама няма большасьці для фармаваньня новага кабінэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG