Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (26). Адстаўка Ластоўскага, Урад БНР узначальвае Цьвікевіч


Аляксандар Цьвікевіч
Аляксандар Цьвікевіч

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Канец ураду Ластоўскага

Канфлікт у нетрах БНР дасягнуў апагею, калі Ластоўскі пажадаў папрысутнічаць на пасяджэньні гандлёвай камісіі (Вальковіч-Заяц-Захарка), але яго адтуль проста прагналі. На пісьмовае патрабаваньне падаць фінансавую справаздачнасьць Вальковіч адказаў «ругацельным» лістом. З гэтым лістом Ластоўскі прыйшоў на сход Ураду, але і там апынуўся ў меншыні. Цярпеньне ў прэм’ера канчаткова лопнула, і 20 красавіка 1923 году ён напісаў такі ліст Пётру Крачэўскаму:

«Яго Дастойнасьці Пану Маршалку Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Высокапаважаны Пётр Антонавіч!

Пры істнуючых узаемаадносінах далейшую працу лічу для сябе немагчымай, а дзеля гэтага прашу Вас ад сягоньняшняй даты лічыць мяне выбыўшым са складу Дзяржаўнай Калегіі.

Прыміце запэўненьне ў належнай да Вас пашане і прыхільнасьці.

В. Ластоўскі».

Адстаўка гэтым разам была прынятая зь вялікай ахвотай.

Вяртаньне Власта

Вялікая ахвота была і з боку Вацлава Ластоўскага — жаданьне пакінуць вузкае кола палітычнай эміграцыі, дзе на той час, як выглядала, усе дарогі вялі ў глухі кут. Стары аматар беларускай філялёгіі і старасьветчыны з радасьцю аддаўся справе сваёй душы і ўсё часьцей падпісваў свае тэксты сваім старым псэўданімам — Власт.

Заручыўшыся літоўскім фінансаваньнем, Ластоўскі заняўся выдавецкай дзейнасьцю. Неацэнным плёнам наступных гадоў стануць выдадзеныя ім у Коўне дванаццаць нумароў часапісу «Крывіч», «Расійска-крыўскі слоўнік» і фундамэнтальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Закіданы Ластоўскаму былымі паплечнікамі папрок, што ён «запрадаў літоўцам беларускую палітыку», на сёньня ўжо даўно забыўся. А выдадзеныя за тыя грошы кнігі і да сёньня ўпрыгожваюць нашы бібліятэкі.

Літоўцы спыняюць падтрымку Ўраду БНР

Ластоўскі пакінуў Дзяржаўную Калегію БНР (разам зь ім з структураў БНР выйшаў яго сябар і паплечнік Кляўдыюш Душэўскі, аўтар дызайну беларускага сьцяга), але беларускай справай займацца ня кінуў. У Коўне яму знайшоўся новы занятак.

Удзел беларусаў у выбарах у польскі Сэйм, абраньне беларускіх паслоў і заснаваньне Беларускага пасольскага клюбу фактычна азначала, што беларусы пад Польшчай палітычна прызналі над сабой польскую юрысдыкцыю. З гэтай прычыны ўсялякае супрацоўніцтва літоўскіх уладаў з БНР страціла сэнс — пра ніякае паўстаньне беларусаў Віленшчыны за далучэньне да Літвы ніхто ўжо ня марыў. А тут яшчэ з БНР выйшаў самы галоўны сымпатызант беларуска-літоўскага збліжэньня Вацлаў Ластоўскі.

Літоўцы спынілі ўсялякую падтрымку Ўраду БНР на чале зь Цьвікевічам, усе дачыненьні замерлі, а Цьвікевіч з калегамі абвясьцілі байкот Міністэрству беларускіх справаў Літвы.

Літоўскі МЗС стварае Беларускі цэнтар

Для працы на «беларускім фронце» была ўтвораная структура пад патранатам літоўскага МЗС — «Беларускі цэнтар у Літве». Цэнтар займаўся выданьнем прапагандысцкай літаратуры для Заходняй Беларусі і трымаў сувязі з заходнебеларускімі грамадзка-палітычнымі арганізацыямі.

Ад беларускага боку цэнтар узначаліў Ластоўскі і пераняў усе фінансавыя патокі, якія раней ішлі Ўраду БНР. Цьвікевіча з калегамі гэта нямала раззлавала, яны абазвалі Ластоўскага і Душэўскага «штрэйкбрэхерамі», абвясьцілі ім «маральны байкот усяго беларускага грамадзянства» і паабяцалі «пахаваць іх па першаму разраду».

Беларуская акцыя ў Літве лопаецца

Новую сытуацыю красамоўна апісаў у лісьце калегам у Празе Пётра Крачэўскі:

«Беларуская акцыя ў Літве лопнула... Што б ні чакала нас, нават галодная сьмерць, усё роўна са свайго паста мы зысьці не павінны так ганебна, як зь яго зышоў гр. Ластоўскі і Душэўскі... Наш фронт і нашы дамаганьні ў Літве разьбіты Ластоўскім і Душэўскім, якім... кінута падачка на журнал „Крывіч“, які хутка выйдзе. Але гэты крывіч будзе куплен цаною беларускай крыві крывому сумленьню Ластоўскага і Душэўскага за пагвалчаныя правы беларускага народу ў Літоўскай Дзяржаве».

Іх застаецца шасьцёра

23 жніўня кіраўніком Ураду БНР быў прызначаны Аляксандар Цьвікевіч. Празь некалькі гадоў Пётра Крачэўскі прызнае, што «Цьвікевіч зусім не адпавядаў становішчу Старшыні... але, на жаль, не было другой адпаведнай гэтаму становішчу асобы». Таму давялося даручыць утварэньне кабінэту Цьвікевічу, «асабліва пасьля яго раптоўнай і скромнай заявы, што яму будзе надзвычайна непрыемна, калі старшынства будзе аддана другому».

Новы кабінэт выступіў з дэклярацыяй, якую падпісалі старшыня Прэзыдыюму Рады БНР Пётра Крачэўскі, старшыня Ўраду і міністар замежных справаў Аляксандар Цьвікевіч, міністар прасьветы і паўнамоцны дэлегат у Амэрыку Язэп Варонка, намесьнік старшыні Рады Васіль Захарка, дзяржаўны кантралёр Лявон Заяц і дзяржаўны пісар Уладзімер Пракулевіч.

Гэтак за пяць гадоў штат службоўцаў Беларускай Народнай Рэспублікі скараціўся да шасьці чалавек.

Завальваюць Жэнэву мэмарандумамі

А Ластоўскі тым часам далей займаўся беларускай палітыкай. У верасьні 1923-га ён разам з прадстаўнікамі ўкраінцаў, літоўцаў і немцаў падаў IV Асамблеі Лігі Нацыяў у Жэнэве мэмарандум ад імя прыгнечаных Польшчай народаў.

На гэта нэрвова зрэагаваў Захарка: «Усё гэта добра, але чаму гэта не было ўзгоднена з намі?» На ўсялякі выпадак новы прэм’ер Цьвікевіч сьпешна падрыхтаваў і даслаў у Жэнэву аналягічны мэмарандум ужо ад імя Ўраду БНР.

«Засыпаўся серабром аж па грудзі»

У сваім эўрапейскім падарожным дзёньніку Ластоўскі пакінуў магічны запіс: «Перад выездам з Жэнэвы сьніў, што я знайшоў у зямлі скарб зь сярэбраных манэт: што капну, то горсьць серабра кругом старога пня. Урэшце адвярнуў кавалак пня, аж і той сярэбраны. Былі пры гэтым Юстын і Бацька. Увесь засыпаўся серабром аж па грудзі».

Партыя ці Цэнтар

Аляксандар Цьвікевіч, заступіўшы на пасаду старшыні Рады Міністраў, пачаў спробы скаардынаваць беларускі нацыянальны рух, які з магутнай ракі за пяць гадоў расьцёкся на дробныя ручаінкі. Праглынуўшы старыя крыўды, ён распачынае перапіску зь нефармальным лідэрам беларусаў Вільні (і шырэй — падпольскай Заходняй Беларусі) Антонам Луцкевічам:

«Заданьнем майго ліста, як і наагул далейшай перапіскі, калі яна завяжацца, ёсьць высьвятленьне найбольш важных пытаньняў нашага сёньняшняга палітычнага дня і ўстанаўленьне згоднага разуменьня ўсяго таго, што і як трэба рабіць».

Цьвікевіч выступае з ідэяй стварэньня агульнабеларускай палітычнай партыі сацыялістычна-народніцкага кірунку, якая аб’яднала б усе раскіданыя па розных краінах незалежніцкія сілы.

Антон Луцкевіч, «нягледзячы на прыкрыя ўспаміны, якія падняло ўва мне Вашае пісьмо», даслаў адказ, у якім ідэю стварэньня партыі адхіліў, бо дзейнасьць партыі праз шматлікія межы лічыў нерэальнай. Затое, паводле яго, добра было б стварыць адзіны Нацыянальны цэнтар для каардынацыі ўсіх незалежніцкіх намаганьняў. Дык жа цэнтар ёсьць, адказвае Цьвікевіч — Урад БНР на чале зь ім самім.

У Менск, апрача другарадных, ніхто не зьбіраецца

У апошнім лісьце Луцкевічу, датаваным 6 кастрычніка 1923 году, Цьвікевіч закранае адну казытлівую тэму, якая неўзабаве ў колах БНР загучыць на поўную моц. Тэма гэтая — пераезд у Менск. «Ехаць на ўсход пакуль што мы лічым для справы немагчымым. Рэч ня ў нашых асабістых выгодах, але ў тым, што адраджэнскі рух вымагае безварунковага захаваньня нацыянальнага цэнтру, вядучага самастойную, ні ад каго не залежную беларускую палітыку. Так што апрача некаторых другарадных ніхто туды не зьбіраецца...»

Мэтафара і мэтанімія

У гэтым прыватным лісьце ўпершыню ў архівах зьяўляецца мянушка, якую Цьвікевіч, Крачэўскі і Захарка далі Ластоўскаму і Душэўскаму — «пара гнядых»:

«Ня менш прычынілася да проігрышу „акция пары гнедых“, якія безь ніякага сораму пайшлі на службу, на цёплае месца і тым разарвалі ўсю сыстэму перагавораў. Імя гэткім „гнедым“ адно — сволач, хлебная публіка, чыноўнікі...»

(Для тых, хто не знаёмы з аднайменным старадаўнім рамансам, працытуем першыя радкі:

«Пара гнедых, запряжённых с зарёю,
тощих, голодных и грустных на вид,
вечно бредёте вы мелкой рысцою,
вечно куда-то ваш кучер спешит.
Были когда-то и вы рысаками» і г. д.)

Затое свайго паплечніка Пётру Крачэўскага Цьвікевіч у лісьце фатаграфічна называе «Барада».

І алегорыя

Застаючыся на паэтычнай, хвалі падамо тут без камэнтароў урывак зь верша Власта (г. зн. Ластоўскага) «Да ...», напісанага прыблізна ў тым самым часе:

«Агідзен мне
ваш цесны сьветагляд,
ваш ум чарвя зямнога...
Арла душы маей
вам, карлікам сьляпым,
у цесну клетку не загнаць:
ён ўспоены маей сардэчнаю крывёй,
зь ім буду я
агністаю купінаю пылаць,
кідаючы сьвятло
і ў вашы цьвілыя закуткі,
таргоўнікі сьвятым,
шакалы, недалюдкі!»

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG