Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё пачалося зь дзясяткаў чалавек. Тлумачым, чаму ў Лібане сотні тысяч маладых пратэстуюць супраць улады


Пратэстоўцы ў Лібане падчас заняткаў ёгай
Пратэстоўцы ў Лібане падчас заняткаў ёгай

Больш за 10 дзён працягваюцца пратэсты ў Лібане. У іх бяруць удзел сотні тысяч чалавек, пераважна маладыя людзі, народжаныя пасьля грамадзянскай вайны 1975–1990 гадоў. Свабода тлумачыць прычыны пратэсту і патрабаваньні дэманстрантаў.

Факты пра Лібан

  • У краіне жыве 6 мільёнаў чалавек.
  • Лібан лічыцца трэцяй па запазычанасьці краінай сьвету. Дзяржаўны доўг складае 86 мільярдаў даляраў, або 150% ВУП.
  • Лібан — адзіная арабская краіна, у якой афіцыйна прызнаныя 18 рэлігійных грамадаў (12 хрысьціянскіх, пяць мусульманскіх і адна юдэйская).
  • У аснову стварэньня незалежнага Лібану ў 1943 годзе лягло пагадненьне паміж уплывовымі хрысьціянскімі і мусульманскімі сем’ямі.
  • Сыстэма падзелу палітычных пасадаў у краіне адбываецца паводле рэлігійнай прыкметы. Прэзыдэнтам можа быць толькі мараніцкі хрысьціянін (адна з усходніх цэркваў). Прэм’ерам можа быць мусульманін-суніт, а кіраўніком парлямэнту мусульманін-шыіт. Паводле рэлігійнага фактару дзеляцца і месцы ў парлямэнце.
  • У сталіцы краіны Бэйруце ёсьць суніцкія, шыіцкія, мараніцкія і армянскія раёны.
  • Лібан мае найбольшую колькасьць уцекачоў на душу насельніцтва ў сьвеце.

Чаму пачаліся пратэсты

У 2020 годзе ўрад хоча ўвесьці новыя падаткі, каб ратаваць фінансавую сытуацыю. Акрамя падаткаў на тытунь і бэнзін, улады плянавалі падатак у памеры 6 даляраў за карыстаньне мэсэнджарамі кшталту WhatsApp. У краіне на вельмі нізкім узроўні якасьць паслугаў, старая інфраструктура, праблема са сьмецьцем і перапынкі ў пастаўках электрычнасьці.

Сытуацыю ўскладняе вялікая колькасьць уцекачоў. У шасьцімільённай краіне ўжо некалькі гадоў жывуць больш за мільён уцекачоў з Сырыі.

Як адбываюцца пратэсты

Спачатку пратэставалі некалькі дзясяткаў чалавек у цэнтры Бэйруту, але пратэст неўзабаве перарос у найбуйнейшую ад 2015 году дэманстрацыю незадаволеных уладаю. 4 гады таму жыхары Бэйруту выйшлі на вуліцы ў сувязі зь сьмецьцевым крызісам.

Масавыя дэманстрацыі пачаліся ў сталіцы краіны Бэйруце і хутка перакінуліся ў іншыя гарады. Інфармацыя аб пратэстах перадавалася праз сацыяльныя сеткі.

Па ўсёй краіне ішлі страйкі. Школы, банкі, крамы не працавалі.

Чаго дамагаюцца пратэстоўцы

Дэманстранты пачалі зьбірацца пад сядзібай ураду і парлямэнту, скандучы лёзунгі «Рэвалюцыя» і «Злодзеі». Яны патрабавалі адхіленьня кіроўнай клясы, якая не мяняецца тры дзесяцігодзьдзі.

Сярод дэманстрантаў, як зазначаюць экспэрты, пераважна маладыя людзі. Беспрацоўе сярод моладзі ў Лібане складае 40%.

Частка ўдзельнікаў пратэстаў абвінавачвае уладу ў карумпаванасьці і дамагаецца яе адстаўкі. У індэксе карупцыі Лібан на 138 месцы са 175 краін сьвету. Іншыя пратэстоўцы выступаюць супраць сыстэмы, заснаванай на рэлігійнай прыналежнасьці.

Пры ўсёй стракатасьці насельніцтва Лібану галоўны сымбаль удзельнікаў пратэстаў — дзяржаўны сьцяг зь лібанскім кедрам.

Што на гэта ўрад

На чацьвёрты дзень пратэстаў улады паабяцалі рэформы, каб зьменшыць напружаньне. Зьмены прадугледжваюць, між іншага, зьмяншэньне напалову заробкаў прэзыдэнта, міністраў і дэпутатаў парлямэнту. Урад хоча пазбавіць многіх прывілеяў чыноўнікаў і працаўнікоў дзяржаўных установаў.

Цэнтральны і прыватныя банкі ў рамках рэформаў павінны перадаць 3,3 мільярда даляраў ураду, каб збалянсаваць бюджэт на 2020 год. Урад хоча таксама прыватызаваць тэлекамунікацыйны сэктар і рэфармаваць галіну энэргетыкі.

Ці супакоілі абяцаньні ўлады пратэстоўцаў

Не. Дэманстрацыі працягваюцца. У нядзелю ўдзельнікі пратэстаў зладзілі жывы ланцуг, стаўшы на аўтадарозе з поўдня на поўнач краіны і ўзяўшыся за рукі. Акцыя расьцягнулася на 171 км.

Падзел улады ў Лібане паміж элітай, якая прадстаўляе розныя супольнасьці, прывёў да таго, што краіна падзеленая некалькімі клянамі, якія выкарыстоўваюць канфэсійны фактар для падтрыманьня ўласнай улады і ня здольныя вырашыць праблемы, якія назьбіраліся ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG