Беларускія навукоўцы адшукалі ў Менскай вобласьці найбольшае ў Беларусі паселішча сусьлікаў. На плошчы ў 250 квадратных мэтраў знойдзена 230 норак.
У Нясьвіскім раёне Менскай вобласьці выявілі калёнію рабога сусьліка, паведамляе тэлеканал «Беларусь-1». Гэта рэдкая для Беларусі жывёла, іх налічваецца ўсяго некалькі тысяч асобін.
Пра калёнію сусьлікаў у Менскай вобласьці арнітоляг Сяргей Шакала даведаўся з інтэрнэту, пазьней стала вядома, што гэта найбольшая калёнія ў Беларусі і, магчыма, у Эўропе.
Раней сусьлікаў у Беларусі было настолькі шмат, што іх зьнішчалі, бо жывёлы лічыліся праблемай для сельскай гаспадаркі. Праз гэта ў большасьці раёнаў краіны сусьлікі цалкам зьніклі.
Цяпер у нацыянальным гісторыка-культурным музэі-запаведніку «Нясьвіж» хочуць арганізаваць экскурсіі і назіраньне за папуляцыяй сусьлікаў. Гэтых жывёлаў, дарэчы, падарылі Радзівілам у XVIII стагодзьдзі, яны жылі якраз у цяперашнім Нясьвіскім раёне.