Добрая навіна для ўладальнікаў хатніх жывёл — калі вы шукаеце пацьверджаньні таму, што яны аказваюць станоўчы ўплыў на здароўе, то шматлікія дасьледаваньня прыходзяць менавіта да такіх высноваў. Пра гэта піша брытанская The Guardian.
Высновы новых дасьледаваньняў
Праведзенае нядаўна ў Нямеччыны і Аўстраліі дасьледаваньне з удзелам 10 000 чалавек даказвае, што ўладальнікі хатніх жывёл радзей звычайнага наведваюць дактароў.
Кітайскія дасьледаваньні кажуць, што гаспадары жывёл лепей сьпяць у параўнаньні з тым, хто жыве без чацьвераногіх сяброў.
Амэрыканская кардыялягічная асацыяцыя сьцьвярджае, што шанец выжыць для людзей, якія перажылі інсульт, вышэйшы ў тых, хто жыве з сабакам, чым у тых, хто ня мае хатняй жывёлы. Пагладжваньне ката альбо сабакі таксама зьніжае ўзровень стрэсу праз зьніжэньне частаты сардэчных скарачэньняў.
«Несардэчныя» перавагі
Навукоўцы бачаць і іншыя перавагі ва ўладаньні хатнім улюбёнцам. Ёсьць здагадкі, што некаторыя бактэрыі, якія прыносяць дадому жывёлы, могуць разьвіць імунітэт і ў выніку зьнізіць шанец разьвіцьця алергіі.
Дасьледаваньне 2015 году таксама выказвае меркаваньне, што прысутнасьць сабакі ў раньнім жыцьці дзіцяці можа зрабіць на 13% менш верагодным разьвіцьцё астмы на працягу далейшага жыцьця.
Эмацыйны эфэкт
Існуе і яшчэ адзін вельмі важны фактар, напэўна адна з галоўных прычын, чаму людзі наогул заводзяць хатніх жывёл — яны ўмеюць праяўляць сымпатыю да сваіх гаспадароў.
Гэта вельмі цяжка паддаецца падліку, але дасьледаваньня паказвалі, што падчас узаемадзеяньня са сваім гаспадаром у сабак і катоў падымаўся ўзровень аксытацыну — «малекулы любові».
Адваротны бок мэдаля
Не ва ўсіх аспэктах хатнія жывёлы могуць быць карысныя.
Частка навукоўцаў схіляецца да думкі, што галоўная прычына добрага здароўя — матэрыяльная забясьпечанасьць уладальнікаў хатніх жывёл. Усё ж такі, каб утрымліваць хатнюю жывёліну патрэбныя грошы.
навукоўцаў схіляецца да думкі, што галоўная прычына добрага здароўя — матэрыяльная забясьпечанасьць уладальнікаў хатніх жывёл
Існуе верагоднасьць, што насамрэч людзі, якія могуць сабе дазволіць такую раскошу, як добрае здароўе, маюць магчымасьць і парупіцца аб хатнім улюбёнцы.
Адно шырокамаштабнае дасьледаваньне, праведзенае ў Каліфорніі, у якім удзельнічала каля 5200 сем’яў, не знайшло сувязі паміж агульным станам здароўя чалавека і наяўнасьцю хатняй жывёлам пасьля таго, як у дасьледаваньня ўключылі фактар заробку і «заможнасьці» раёну гораду.
Іншыя навуковыя працы таксама прыходзілі да падобных вынікаў. Напрыклад дасьледаваньне з Фінляндыі паказвае, што ва ўладальнікаў сабак і катоў наадварот часьцей бывае павышаны ўзровень халестэрыну і павышаны ціск.
Адмоўны побытавы эфэкт
Статыстыка таксама можа пераканаць асабліва ўражлівых чытачоў — у Ангельшчыне ад 6000 да 7000 чалавек трапляе ў шпіталь штогод з прычыны ўкусаў ад сабак.
Акрамя гэтага, аб хатніх жывёл частка спатыкаюцца і падаюць — кожны год каля 87 000 амэрыканцаў (пераважна старыя людзі) трапляюць у шпіталі з гэтай прычыны.
Таксама вядома, што жывёлы нярэдка бываюць носьбітамі паразытаў — гэта і блохі, і кляшчы.
Тое самае датычыцца і хваробаў, некаторыя зь якіх бываюць нават сьмяротныя — гэта і сальманэла, і захворваньне, вядомае як capnocytophaga, можа перадацца людзям праз сьлюду ад сабакаў і ад катоў.
Адмоўныя эмоцыі
Часам мець хатняга сябра бывае цяжка ў эмацыйным пляне. Асабліва гэта тычыцца апошніх гадоў жыцьця жывёлы, калі яна ўжо старая, слабая і, часьцей усяго, хворая.
Дасьледаваньне 2017 году паказала, што ўладальнікі хранічна хворых хатніх жывёл часьцей маюць большыя ўзроўні стрэсу, трывожнасьці і агульнай якасьці жыцьця.
Падсумаваньне
Калі падсумаваць усё вышэй напісанае, то можна прыйсьці да высновы, што наўрад ці ёсьць нейкі ўнівэрсальны адказ на пытаньне аб шкодзе або карысьці хатніх жывёл. Насамрэч усё залежыць як ад гаспадара, так і ад жывёл.
І, безумоўна, трэба адказна ставіцца і да рашэньня завесьці хатняга ўлюбёнца, і да самога сабакі або ката, калі ўжо такое рашэньня было прынятае.