Жыхар Бабруйску Сярго Сванідзэ зрабіў з уласнага аўто майстэрню па рамонце адзежнай фурнітуры і галянтарэі. Завесьці атэлье на колах яго змусіла высокая арэндная плата за месца на рынку ды канфлікт з рынкавым кіраўніцтвам.
Пра тое, што з шапіка ён перабраўся ў машыну, не шкадуе. Кажа, што гэта выгадна і яму, і кліентам.
Сьцісла пра Сярго Сванідзэ
- Яму 51 год, 30 зь іх робіць краўцом.
- Зарэгістраваны рамесьнікам.
- Мае дваіх дарослых дзяцей і чатырох унукаў.
- Любіць быць пазытыўным і рабіць такімі іншых.
«Я нікому нічога ня вінен»
Сярго кажа, што 15 гадоў арандаваў на рынку шапік, у якім рамантаваў адзежу. Аплачваў яго, пакуль кіраўніцтва ня вырашыла павялічыць колькасьць гандлёвых месцаў. Не паразумеўшыся з адміністрацыяй, сабраў рэчы і перасеў у машыну. Цяпер яго радуе, што больш нікому нічога ня вінен.
Ідэя прыстасаваць машыну пад кравецкую майстэрню зьявілася ў яго, калі агледзеў перасоўную станцыю шынамантажу. Немудрагелісты набор абсталяваньня і падказаў, чым замяніць задарагое месца на рынку.
Сваю майстэрню Сярго называе «маленькім атэлье на колах». У салёне вэтэрана-легкавіка Renault Espace II расстаўлены кравецкі рыштунак, усё, што трэба для рамонту адзежнай фурнітуры і галянтарэі. Машына з рэклямнымі плякатамі прыпаркаваная каля цэнтральнага гарадзкога рынку. За тры дзясяткі мэтраў ад яе — шапік, у якім раней працаваў Сярго. Па яго словах, у тым шапіку зрабілі сховішча садавіны ды гародніцы.
«Канкурэнтаў няма. У самы кепскі дзень 10 рублёў зараблю»
Сярго пачаў рамантаваць адзежу ў машыне з 1 красавіка. Па словах суразмоўцы, кліентаў за дзень завітвае да двух дзясяткаў. Калі не дае рады заказам у машыне, робіць іх дома.
«Скажу так, — зь неахвотаю адказвае ён на пытаньне пра даходы, — заробак цяпер мае быць ня меней за 300–400 рублёў. Столькі ў мяне выходзіць. Пры самым кепскім дні сабе дзесяць рублёў я зараблю заўжды».
Сярго з усьмешкай прыгадвае тых, хто кпіў зь яго, пабачыўшы першы раз. Цяпер задумваецца, каб прыдбаць большую машыну — тады працаваць будзе камфортней. Ён з гонарам адзначае, што невялікі прыбытак дазволіў пачаць рамонт у сваім доме. Калі рабіў на рынку, такой магчымасьці ў яго не было. Сярго запэўнівае, што канкурэнтаў ня мае і кліентаў не становіцца меней.
«Рамантуе адзежу і заможны кліент»
Працоўны дзень Сярго пачынае а 10-й раніцы і сканчае ў 15. За гадзіну гутаркі з журналістамі да яго падышлі пяць чалавек. Двум мужчынам майстар замяніў бегунок на маланцы курткі. Жанчыне адрамантаваў почапку торбы, яшчэ двое забеглі замяніць кнопкі ў джынсах.
«На рынку, калі павышаюць арэндную плату, то падвышаецца і цана паслугі, — кажа за працаю Сярго. — У мяне ж арэнднай платы няма, таму цэны стаяць на месцы. Кліенты задаволеныя. Нават для пэнсіянэраў зьніжкі раблю. Бывае, што і ў доўг рамантую».
Звычайная кліентура Сярго — працоўны люд, але, кажа, пачала зьяўляцца і заможная публіка. З гэтага Сярго робіць выснову, што дастатак усіх пластоў насельніцтва падае і ўсё болей людзей дазваляюць сабе траціцца толькі на ежу і камунальныя паслугі.
«Прыносяць іншым разам рэчы, якія варта было б выкінуць, але яны просяць вярнуць ім жыцьцё, — кажа ён. — Маўляў, на лецішчы хадзіць згадзіцца».
«Акрамя рамонту адзежы, больш нічога рабіць ня ўмею»
Цяперашняму занятку Сярго прысьвяціў 30 гадоў жыцьця. Навыкі кравецкага рамяства асвойваў у бабруйскім ПТВ № 73. Кажа, што былыя настаўнікі нярэдка прыходзяць па кансультацыю наконт тэхналёгіі рамонту.
Па словах Сярго, сябры далі яму мянушку «кнопкавы магнат Бабруйску». Паказваючы свае рукі, Сярго з усьмешкай адзначае: яны адрамантавалі адзежу 70 працэнтам бабруйцаў.
«Маё кравецкае рамяство — гэта і маё хобі, за якое мне плацяць, — заўважае ён, аддаючы кліенту куртку. — Я больш нічога ня ўмею рабіць. Спрабаваў неяк гандляваць, але ня выйшла нічога, бо не маё».
«Я бабруйскі...»
Сярго прыехаў у Бабруйск разам з бацькамі ў 1979 годзе.
«Я бабруйскай нацыянальнасьці! У мяне маці габрэйка, а тата грузін, — сьмяецца ён. — Калі лічу грошы, то адчуваю сябе габрэем, а калі хачу спадабацца жанчыне, то ўключаю грузіна».
На радзіме свайго бацькі Сярго ніколі ня быў. Ягоны брат жыве ў Ізраілі.
«А навошта адсюль зьяжджаць? — са зьдзіўленьнем рэагуе на пытаньне журналіста Сярго. — Тут у мяне ёсьць справа, якая дазваляе жыць. Там жа давядзецца пачынаць усё наноў».
«Беларусы — пафігісты...»
Амаль з кожным кліентам Сярго пасьпявае ня толькі абгаварыць дэталі рамонту, але і пагутарыць пра жыцьцё. Разам з тым уладальнік атэлье на колах прызнаецца, што ня ўсім наведнікам гэта даспадобы. Нямала і маўчуноў.
«Мне ўдаецца распазнаць, хто ёсьць хто, — кажа Сярго. — Дапамагае ў гэтым тое, што я ў маладосьці пачытаў творы Дэйла Карнэгі. Цяпер, не паверыце, дапамагае».
Паводле ягоных назіраньняў, у паводзінах кліентаў азлобленасьці няма, нягледзячы на няпростае жыцьцё.
«Наагул мне падаецца, што беларусы пафігісты, — падсумоўвае гутарку Сярго. — Яны задаволеныя тым жыцьцём, якое ёсьць. Далёка наперад не зазіраюць».