У Гомлі ў сакавіку асудзілі двух міліцыянтаў і сьледчага. Іх абвінавацілі ў фальсыфікацыі доказаў і перавышэньні ўлады, аднаго зь іх — у хабары ад «цыганскага барона». Свабода даведалася эксклюзіўныя падрабязнасьці крымінальнай справы, якая пачалася з банальнага кішэннага крадзяжу.
Храналёгія падзей
Жнівень 2017 году: з чаго ўсё пачалося
Як вынікае з матывацыйнай часткі прысуду, у пэнсіянэркі Тамары (імёны ўсіх фігурантаў справы, апроч абвінавачаных, зьмененыя. — РС) на кірмашы скралі грошы — каля 800 рублёў. Прадаўцы сказалі, што «тут цыганкі круціліся». Пэнсіянэрка пачала іх шукаць. У сквэры яна заўважыла трох жанчын. У адной зь іх, Вольгі, пацярпелая вырвала з рук сумачку і забрала дакумэнты.
На месца здарэньня выехала міліцыя, тым часам цыганкі сышлі.
Празь некаторы час у Цэнтральны РАУС прыйшла цыганка Валянціна, якая «падала на калені», казала, што «нячысты падбіў», прасіла прабачэньня ў пацярпелай і прынесла тыя самыя грошы, якія выкралі. Распачалі крымінальную справу.
Верасень 2017 году: агучаны прысуд
Валянціна прызнала віну на судзе. Пацярпелая пад прысягай сьведчыла, што грошы ў яе скрала менавіта гэтая цыганка. Суд пакараў жанчыну штрафам — 1035 рублёў, і кампэнсацыяй маральнай шкоды — 300 рублёў.
Сакавік 2018 году: крымінальная справа супраць міліцыянтаў
КДБ на падставе паказаньняў «цыганскага барона» «распрацоўвае» міліцыянта, опэра і сьледчага, якія ўдзельнічалі ў раскрыцьці кішэннага крадзяжу ў жніўні 2017 году. Паводле паказаньняў «цыганскага барона», ён даў хабар міліцыянту, каб «адбылася падмена» адной цыганкі на іншую — Вольгі на Валянціну. Па вэрсіі КДБ, опэр і сьледчы, якія ў той дзень дзяжурылі, уступілі ў злачынную змову зь міліцыянтам, сфальсыфікавалі доказы па крымінальнай справе. СК распачаў крымінальную справу.
Сьнежань 2018 году: першы прысуд скасаваны, новы прысуд
Прысуд па справе цыганкі Валянціны адмянілі. Новы суд прызнаў вінаватай цыганку Вольгу. Цяпер ужо яна на судзе прызнае віну, пацярпелая пад прысягай дае іншыя паказаньні. Вольгу прызналі вінаватай, пакаралі штрафам — 1225 беларускіх рублёў.
Сакавік 2019 году: прысуд сілавікам
Гомельскі абласны суд прызнае опэрупаўнаважанага Антона Вярэнчыкава вінаватым у хабары ад беспрацоўнага «цыганскага барона» Васіля, фальсыфікацыі доказаў, перавышэньні ўлады і арганізацыі злачыннай змовы. Прысуд — 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем званьня і штрафам 10200 рублёў.
Сьледчы Дзяніс Паўленка прызнаны вінаватым у фальсыфікацыі доказаў і перавышэньні ўлады «зь іншай асабістай зацікаўленасьці». Прысуд — 6 гадоў пазбаўленьня волі, пазбаўленьне званьня.
Опэрупаўнаважаны Цэнтральнага РАУС Гомля Мікалай Цярэшчанка прызнаны вінаватым у фальсыфікацыі доказаў, перавышэньні ўлады «зь іншай асабістай зацікаўленасьці». Прысуд — 5 гадоў і штраф 10200 рублёў.
Усе абвінавачаныя цалкам адмаўляюць сваю віну, пішуць скаргі ў розныя інстанцыі. Безвынікова. Не прынесла плёну і апэляцыя ў Вярхоўным судзе. Цяпер былыя міліцыянты і сьледчы адбываюць пакараньне ў калёніі «Віцьба-3».
Як разьвіваліся падзеі. Вэрсія сьледзтва і суду
Паводле прысуду, Антон Вярэнчыкаў двойчы браў хабар у «лідэра цыганскай супольнасьці» Васіля, які быў інфарматарам опэра.
Васіль, «цыганскі барон» (так ён сябе называе), сьцьвярджаў на судзе, што ў 2013 годзе даваў хабар міліцыянту нібыта за тое, каб адну з цыганак не затрымлівалі да суду. «Барон» прапанаваў опэру 100 даляраў. Той адмовіўся. Тады Васіль купіў алькаголь і прадукты, якія паставіў на задняе сядзеньне службовага аўтамабіля міліцыянта.
Цыганка дапамагла пляменьніцы і замест яе «здалася ў палон» міліцыі
Па вэрсіі суду, у дзень кішэннага крадзяжу, 5 жніўня 2017 году, «цыганскага барона» Васіля папрасіла аб дапамозе грамадзянская жонка Валянціна. Яе пляменьніцу Вольгу амаль узялі на крадзяжы на кірмашы. Пацярпелая забрала ў Вольгі дакумэнты. Валянціна прапанавала сама «здацца» міліцыі замест шматдзетнай пляменьніцы Вольгі, а мужа прасіла дамовіцца зь міліцыянтам, каб усё прайшло гладка.
Паводле прысуду, «барон» дамовіўся зь міліцыянтам Антонам Вярэнчыкавым, што Валянціна «падменіць» Вольгу. Міліцыянт, паводле сьледзтва і суду, пагадзіўся на «падмену цыганак». Гэтую «паслугу» цыганскі барон ацаніў у 200 даляраў, якія нібыта перадаў опэру праз два дні.
«Коля, падпішы паперы за мяне, я ў Добрушы і п’яны»
У дзень крадзяжу опэр крымінальнага вышуку Мікалай Цярэшчанка дзяжурыў у Цэнтральным РАУС. У аддзел прывезьлі жанчыну, у якой скралі грошы. Пэнсіянэрка паказала дакумэнты цыганкі Вольгі. Опэр пачаў шукаць гэтую цыганку, выехаў на месца злачынства. Тым часам кіраўніцтва апэратыўна-пошукавага аддзелу паведаміла ў РАУС, што грошы скрала ня Вольга, а іншая цыганка — Валянціна. Яна неўзабаве прыйшла ў міліцыю і «пакаялася».
Кіраўнік апэратыўна-пошукавага аддзелу загадаў свайму падначаленаму опэру Кірылу «ўзяць удзел» у справе і павярнуць яе гэтак, быццам аддзел затрымаў цыганку. Опэр Кірыл быў дома, папрасіў па тэлефоне Мікалая Цярэшчанку, які дзяжурыў у міліцыі, аформіць паперы за яго. Цярэшчанка пагадзіўся. Ён склаў дакумэнты і патэлефанаваў Кірылу з просьбай прыехаць у аддзел і падпісаць іх. Той адказаў, што ён ужо на лецішчы ў Добрушы і п’яны. Ён выслаў Цярэшчанку свой подпіс па viber і папрасіў расьпісацца за яго. Той пагадзіўся.
Важная дэталь
Каб апэратыўна-пошукавы аддзел меў у гэтай справе свой «сьлед», паказчык працы, — опэр Кірыл папрасіў адзначыць у дакумэнтах, што цыганку затрымалі апэратыўнікі на праспэкце Леніна ў Гомлі.
У чым вінаваты сьледчы?
Далей паперы па падазраванай Валянціне афармляў дзяжурны сьледчы Дзяніс Паўленка. Ён таксама трапіў пад крымінальны перасьлед. У прыватнасьці, таму, што не забясьпечыў для правядзеньня апазнаньня статыстаў прыкладна аднолькавага ўзросту. Валянціне, якая прызналася ў крадзяжы, — 56 гадоў. Для апазнаньня міліцыянэры прывезьлі за статыстаў з вакзалу двух цыганак (25–30 гадоў). Хоць крымінальнае заканадаўства не рэглямэнтуе строга ўзрост статыстаў.
Па вэрсіі суду, Дзяніс Паўленка ведаў, што гэта «ня тая цыганка», але не прыняў ніякіх мер.
З прысуду
«Цярэшчанка і Паўленка, выкарыстоўваючы тую падставу, што толькі так можна вярнуць скрадзеныя грошы, схілілі пацярпелую пэнсіянэрку да дачы заведама ілжывых паказаньняў».
Што казаў на судзе абвінавачаны опэр?
Антон Вярэнчыкаў не прызнаваў віны, як і яго калегі. Ён расказаў на судзе сваю вэрсію. У дзень крадзяжу ён быў у адпачынку. Яму патэлефанаваў «цыганскі барон», ён жа інфарматар, прасіў сустрэцца. У той жа час яму патэлефанаваў начальнік апэратыўна-пошукавага аддзелу і прасіў дапамогі ў раскрыцьці кішэннага крадзяжу.
«Цыганскі барон» пры сустрэчы сказаў опэру, што грошы скрала ня Вольга, а яго жонка Валянціна. Опэр параіў ісьці здавацца ў міліцыю. Інфармацыю аб Валянціне опэр тут жа перадаў начальніку апэратыўна-пошукавага аддзелу.
Былы опэр казаў, што доказаў хабару ў судзе не было, акрамя «супярэчлівых і ілжывых» паказаньняў «барона». Цыган быў ягоным сталым інфарматарам, а таксама быў у апэратыўнай распрацоўцы. Васіль, арганізаваўшы злачынную групу з трох цыганак, вазіў іх па гарадах Беларусі для зьдзяйсьненьня кішэнных крадзяжоў. Не было сэнсу ані ў «падмене цыганак», ані ў хабары — бо і Вольга, і Валянціна ня мелі судзімасьці.
Што пра справу кажуць бацькі абвінавачаных?
Бацькі Мікалая Цярэшчанкі — пэнсіянэры, самі працавалі ў органах.
«Мікалай ў гэты дзень быў у апэратыўна-сьледчай групе, займаўся раскрыцьцём крадзяжу. Фактычна сына супрацоўнікі апэратыўна-пошукавага аддзелу выкарыстоўвалі „ўсьляпую“. Мікалай кантактаваў з опэрам Кірылам, той перадаваў яму інфармацыю ад свайго кіраўніка — начальніка апэратыўна-пошукавага аддзелу. Гэта значыць, толькі па інфармацыі опэра Кірыла наш сын даведаўся пра дачыннасьць Валянціны да крадзяжу. Опэр Кірыл, які пэўна ведаў, што ён не затрымліваў цыганку, атрымаў, даўшы на сьледзтве і судзе ілжывыя паказаньні, толькі „строгую вымову“ па службе», — кажуць бацькі абвінавачанага.
Цярэшчанка і Паўленка афармлялі «крыміналку» у дзень крадзяжу. Далейшае расьсьледаваньне па крымінальнай справе вяла іншая сьледчая аддзелу СК Цэнтральнага раёну.
Для даведкі. Сьледчую Н., якая прад’явіла абвінавачаньне ў дачыненьні да цыганкі Валянціны і накіроўвала справу ў пракуратуру (тую справу, прысуд па якой быў адменены), прызнавалі найлепшым сьледчым Гомельскага гарадзкога аддзелу СК па выніках 2018 году.
«Сын стаў закладнікам пагоні высокіх чыноў за паказчыкамі»
Бацька Мікалая Цярэшчанкі лічыць, што сын стаў закладнікам «пагоні вялікіх і малых начальнікаў за паказчыкамі раскрыцьця злачынстваў, што вядзе да налічэньня прэмій».
«Так зрабілі зь людзьмі, якія сумленна аддалі службе столькі гадоў — і так сыстэма перамалола іх. Чаго тады чакаць простым грамадзянам ад органаў?» — кажа бацька былога міліцыянта.
Бацькі і брат Дзяніса Паўленкі да гэтага часу ня могуць апамятацца пасьля вынесенага прысуду.
«Нам не зразумелы прысуд у той частцы, што Дзяніса прызнаюць вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства „зь іншай асабістай зацікаўленасьці“. Які разумны чалавек пойдзе на такое службовае парушэньне дзеля незнаёмых яму асоб, каб падмацаваць свой аўтарытэт, як пісалі ў прысудзе? Жудасна ўсьведамляць, што Дзяніс, які годна выконваў сваю працу, стаў ахвярай сыстэмы, паказчыкаў і статыстыкі раскрывальнасьці па карупцыйных злачынствах», — кажа брат былога сьледчага Антон Паўленка.
«Сына вырашылі „прыбраць“»
Бацька Антона Вярэнчыкава кажа, што сын апошнія 3–4 гады шмат і плённа займаўся перакрываньнем вывазу мэталу зь Беларусі ў Расею, дастаўкі з Расеі ў Беларусь сьпірту і насваю.
«Хутчэй за ўсё, яго „прыбралі“ тыя, хто „страхуе“ незаконную дзейнасьць „мэталістаў“, „сьпіртавозаў“ і „наркаманшчыкаў“. Нам вядомыя прозьвішчы людзей, якія падставілі майго сына. Некаторыя з іх займаюць высокія пасады ў сілавых структурах. Сыну неаднаразова пагражалі расправай. Але ён афіцэр, як яго дзед, і таму гонар афіцэра застанецца незаплямлены. Хоць „высокія“ чыны пазбавілі яго гэтага званьня, але ня гонару. Я ганаруся сваім сынам», — кажа Аляксандар Вярэнчыкаў. «Гэты цыган Васіль недзе трапіўся з наркотыкамі — такое можа быць, вось і нагаварыў на хлопцаў. Сыну прапаноўвалі хабар 20 тысяч даляраў — „мэталісты“, ды ён адмовіўся, а тут — каньяк, цукеркі, каўбаса... Проста сьмешна», — лічыць Аляксандар Вярэнчыкаў.
«Каму з гэтых трох супрацоўнікаў міліцыі і СК было выгадна мяняць цыганак, падрабляць дакумэнты? Ні сьледзтвам, ні судом нават не ўстаноўлена — якім чынам яны дамовіліся аб нібыта „падмене асобы“? Хто дзеля кішэннага крадзяжу пазбавіцца званьня і кар’еры, але самае галоўнае — пазбавіцца волі?» — дадаў бацька былога опэра.
Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН