Праваабаронцы падвялі прамежкавыя вынікі назіраньня за ходам выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Паводле іх, «ужо цяпер можна прагназаваць, што падлік галасоў цалкам дыскрэдытуе ўвесь выбарчы працэс».
Прапанова назіральнікаў АБСЭ ня ўлічаная, падлік галасоў вядуць па-ранейшаму
Як заявіў журналістам 22 кастрычніка каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімер Лабковіч, у цяперашняй выбарчай кампаніі ня ўлічаная асноўная прапанова міжнародных назіральнікаў АБСЭ — «падлік галасоў праводзіцца па той жа самай формуле, як і раней».
«Разам зь неплюралістычным, а фактычна закрытым складам выбарчых камісій мы з сумам чакаем таго, што будзе адбывацца падчас галасаваньня. Ужо зараз можна прагназаваць, што падлік галасоў будзе цалкам дыскрэдытаваць увесь выбарчы працэс», — цытуе Лабковіча БелаПАН.
Паводле Лабковіча, дагэтуль засталіся ўсе нэгатыўныя моманты пры фармаваньні тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, якія назіральнікі фіксавалі падчас прэзыдэнцкай і парлямэнцкай кампаній у 2015 і 2016 гадах.
Асноўныя арганізатары выбараў —праўладныя грамадзкія абʼяднаньні
Правабаронцы адзначаюць нізкую ўцягнутасьць палітычных партый у працэс фармаваньня тэрытарыяльных камісій. Асноўнымі арганізатарамі выбараў застаюцца праўладныя грамадзкія абʼяднаньні, сярод якіх БРСМ, «Белая Русь», Фэдэрацыя прафсаюзаў, Беларускі фонд міру і Беларускі саюз жанчын. Іх прадстаўнікі складаюць 93,6% сябраў тэрытарыяльных камісій, адсеў вылучэнцаў ад гэтых абʼяднаньняў нізкі — менш за 5%.Паводле Лабковіча, гэта ў цэлым характарызуе палітычную сыстэму Беларусі.
«Партыі, якія ў прынцыпе павінны быць асноўнымі ўдзельнікамі, арганізатарамі выбарчага працэсу і зацікаўленымі ў ім суб’ектамі, усё менш і менш прымаюць у ім удзел. Гэта тычыцца ня толькі апазыцыйных, але і ў прынцыпе партый як палітычных інстытутаў», — сказаў Лабковіч.
Выбарыя камісіі фармуюць «з вартых даверу людзей, якія не ствараюць праблем»
Ад апазыцыі ў склад камісій прайшло ў пяць разоў менш прадстаўнікоў, чым вылучалася.
«Гэта дэманструе агульны дыскрымінацыйны падыход, асабліва ў сытуацыі, калі заканадаўства не прадугледжвае ніякіх крытэраў фармаваньня камісій. Гэта аддаецца на водкуп мясцовых органаў улады. Таму камісіі фармуюцца па абсалютна дыскрымінацыйным прынцыпе — з вартых даверу людзей, якія не ствараюць праблем падчас выбарчай кампаніі», — заявіў праваабаронца.
Паводле Лабковіча, сыстэма фармаваньня выбаркамаў паказвае, што ў Беларусі ставяцца да выбараў як да адміністрацыйнай працэдуры, якая павінна кантралявацца «вэртыкальлю». Сытуацыя з фармаваньнем участковых выбаркамаў «яшчэ горшая».
На сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў пабіты антырэкорд — такога мізэрнага прадстаўніцтва апазыцыі ва ўчастковых камісіях не было з 2008 году, адзначае Лабковіч. 97% сябраў гэтых камісій зьяўляюцца прадстаўнікамі праўладных грамадзкіх абʼяднаньняў.
Выбаркамы фармуюцца «па вытворчым прынцыпе» і кантралююцца аднароднымі калектывамі, часьцяком школамі, а «законам гэта фармальна забаронена».
«Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў могуць быць штучнымі»
Непразрыстыя працэдуры, якія прымяняюцца выбарчымі камісіямі, дазваляюць казаць пра тое, што вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты могуць быць штучнымі, заявіў каардынатар кампаніі ад Беларускага Хэльсынкскага камітэту Алег Гулак.
Гулак назваў «дастаткова станоўчым» пачатак вылучэньня прэтэндэнтаў і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, а працэс збору подпісаў «дастаткова свабодным».
«Але калі пачаўся непасрэдна працэс рэгістрацыі кандыдатаў, то мы вярнуліся да практыкі ня самых лепшых часоў, — сказаў праваабаронца. — Мы па-ранейшаму бачым праблемы непразрыстых працэдур, якія дазваляюць нам казаць, што вынікі [рэгістрацыі кандыдатаў] маглі быць штучнымі», — цытуе Гулака БелаПАН.
Многім назіральнікам і прэтэндэнтам у кандыдаты адмовілі ў магчымасьці сачыць за працэдурай праверкі подпісаў у дакумэнтах, пададзеных на рэгістрацыю і ўбачыць, якія канкрэтна подпісы і чаму былі забракаваныя.
«А гэта значыць, што іх фактычна пазбавілі магчымасьці эфэктыўна абскардзіць гэтыя адмовы», — сказаў прадстаўнік БХК.
Працэдура рэгістрацыі па словах Гулака «непразрыстая» і яна «дазваляе маніпуляваць у абодва бакі».
«З аднаго боку, яна стварае ўмовы для таго, каб дапамагчы зарэгістравацца тым, чыя здольнасьць сабраць подпісы пад вялікім сумневам. Зь іншага боку, яна дае інструмэнты падкантрольным камісіям не рэгістраваць кандыдатаў, якія атаясамліваюцца з апазыцыяй», — заявіў Гулак.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».