Японскі імпэратар Нарухіта 22 кастрычніка афіцыйна абвясьціў сваё ўзыходжаньне на пасад у цырымоніі пры ўдзеле лідэраў больш за 170 краінаў сьвету.
59-гадовы Нарухіта, які вучыўся ў Оксфардзе, атрымаў паўнамоцтвы імпэратара пасьля таго, адрачэньня ад пасаду яго бацькі, імпэратара Акіхіта, 30 красавіка.
Імпэратрыца Масака, 55-гадовая жонка Нарухіта, зьяўляецца былым дыпляматам, вучылася ў Гарвардзе.
Падчас цырымоніі ўваходжаньня на пасад у Імпэратарскім палацы ў Токіё Нарухіта заявіў: «Я шчыра спадзяюся, што Японія будзе і ў далейшым разьвівацца і зробіць свой унёсак у сяброўства і мір міжнароднай супольнасьці, а таксама ў дабрабыт і росквіт людзей дзякуючы мудрасьці і няспынным намаганьням людзей».
Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ выступіў з прывітаньнем імпэратара, пасьля чаго пачуліся крыкі «Банзай», што азначае «Няхай жыве імпэратар».
Японія называе сябе найстарэйшай манархіяй сьвету, якой 2600 гадоў.