Былы міністар замежных спраў Украіны (2014–2019) Павел Клімкін на ток-шоў «Рэха Ўкраіны» тэлеканала «Прямий» (Кіеў) расказаў, як яны сумесна з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімірам Макеем выкарыстоўвалі «цікавую практыку», якая раздражняла Расею.
«Калі мы размаўлялі зь беларусамі, мы ўвялі нават такую цікавую практыку, якая Расею татальна раздражняла: мы апублікавалі першыя заявы на ўкраінскай і беларускай. І я адпаведна, і міністар Макей, і спачатку хвіліну мы размаўлялі [на ўкраінскай і беларускай], і ўсе адзін аднаго выдатна разумелі», — сказаў Клімкін.
«А вы ведаеце, дарэчы, гэта вельмі цікавы факт, прычым кампутарна ўстаноўлены: якая мова найбольш блізкая да ўкраінскай? Гэта беларуская. Гэта ня руская. 86%», — адзначыў дыплямат.
Спаслаўшыся на сваіх «знаёмых зь беларускай апазыцыі», Клімкін заявіў, што «цяпер стала модна размаўляць па-беларуску нават у Менску, вось моладзь усё больш і больш гаворыць па-беларуску».
На думку Клімкіна, шляхам спрашчэньня працэдуры атрыманьня расейскага грамадзянства, у тым ліку па моўнай прыкмеце, Масква спрабуе ўзнавіць імпэрыю. «Рэальна там у галовах сядзіць гэтая ідэя. Пераналадка ўсёй прасторы», — заявіў былы міністар.