Лідэры краін ЭЗ на саміце ў Брусэлі не прыйшлі да згоды адносна таго, каб пачаць перамовы аб уступленьні дзьвюх балканскіх краін — Альбаніі і Паўночнай Македоніі — у Эўрапейскі Зьвяз.
Супраць пачатку перамоваў з абедзьвюма краінамі выказалася Францыя. Данія і Нідэрлянды падтрымалі яе ў пытаньні аб Альбаніі.
Францыя настойвае, што балканскія краіны па-ранейшаму не вядуць неабходную барацьбу з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю.
Такім чынам, перамовы аб пашырэньні ЭЗ у найбліжэйшы час ня будуць пачатыя.
Лідэры шэрагу краін ЭЗ выказалі сваё шкадаваньне ў сувязі з гэтым рашэньнем. пра сваю нязгоду зь ім заявіў і кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск. Прыхільнікі пачатку перамоў нагадваюць, што, у прыватнасьці, Паўночнай Македоніі прыйшлося пайсьці на балючыя меры, каб задаволіць патрабаваньні ЭЗ, у тым ліку зьмяніць афіцыйную назву.
У Альбаніі і Паўночнай Македоніі палітыкі заяўляюць пра сваё расчараваньне і рызыку дэстабілізацыі сытуацыі на Балканах, у тым ліку росту антыэўрапейскіх настрояў.
ЭЗ цяпер ўключае ў сябе 28 краін (неўзабаве, пасьля Брэксыту, іх можа стаць 27). Апошняй, якая далучылася да Эўразьвязу, краінай стала Харватыя ў 2013 годзе.
Паўночная Македонія і Альбанія застаюцца афіцыйнымі кандыдатамі ў члены ЭЗ. Перамовы аб уступленьні зараз вядуцца з Сэрбіяй і Чарнагорыяй, фармальна таксама з Турэччынай, хоць зь ёй яны фактычна замарожаныя.