Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: у 2008 годзе амэрыканскіх дыпляматаў выгналі зь Беларусі за «ўмяшаньне ў выбары»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю вакол інфармацыі аб затрыманьні расейкі Ганны Багачовай на запыт ЗША, паведамляе БелТА.

«Трэба разумець, што мы практычна дзейнічаем як на тэрыторыі адной дзяржавы ў падобных выпадках, — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Наўгародзкай вобласьці Расеі Андрэем Нікіціным. — Што Расея ў дачыненьні нашых грамадзян, што мы ў дачыненьні расейскіх. І тут ня можа быць ніякіх іншых варыянтаў, як абарона інтарэсаў Расеі і грамадзян Расейскай Фэдэрацыі».

Камэнтуючы сытуацыю вакол Багачовай, Лукашэнка адзначыў, што ў шэрагу інфармацыйных крыніц у Расеі пачалася накрутка вакол гэтай тэмы, «розныя „Незыгари“ вашыя і іншыя, рознага кшталту такія каналы пачалі нагнятаць сытуацыю», Паводле Лукашэнкі, пасьля гэтых падзей «цэлая рэвалюцыя паднялася», пайшлі абвінавачваньні ледзь ня ў адрас яго самога.

У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў, як у 2008 таму амэрыканскі амбасадар у Беларусі разам з шэрагам іншых дыпляматаў пакінулі краіну, і заявіў, што яны зрабілі гэта на патрабаваньне беларускага боку (гэта адбылося пасьля ўвядзеньня Вашынгтонам эканамічных санкцыяў, штат амбасады тады скарацілі з 35 да 5 чалавек). Паводле Лукашэнкі, гэта адбылося менавіта за ўмяшаньне ў выбары.

«Адкрытае ўмяшаньне. Удзел у дэманстрацыях і іншае. Скажыце, як я пасьля гэтага павінен ставіцца да ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары, калі нават было», — сказаў Лукашэнка.

«Умешвацца ў амэрыканскія выбары практычна нерэальна. Ну а калі нехта выказваў сваю пазыцыю, то трэба перш за ўсё пачынаць зь мяне. Вазьміце мае заявы адкрытыя, публічныя падчас выбараў у ЗША. Я тады адкрыта падтрымліваў Трампа, крытыкуючы дэмакратычную Амэрыку, як яны дзейнічалі супраць Трампа», — дадаў ён.

Першае паведамленьне пра затрыманьне Ганны Багачовай зьявілася 15 кастрычніка. Паводле СМІ, затрымалі яе яшчэ 13 кастрычніка каля 22 гадзіны ў адным зь менскіх гатэляў на запыт ЗША. Пасьля расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на пасольства Расеі ў Беларусі напісала, што Багачову вызвалілі.

У прэс-службе МУС Беларусі 15 кастрычніка паведамілі, што Ганна Багачова «была затрыманая ў адным з гатэляў Менску, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку», але празь дзень намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук сказаў журналістам, што Багачова «заставалася на свабодзе», і абвінаваціў прадстаўнікоў СМІ ў тым, што яны «ня ведаюць тонкасьцяў нашых фармулёвак і значэньня гэтых тэрмінаў, і, можа быць, нашы прэс-сакратары не зусім даходліва данесьлі гэтую інфармацыю».

Ганна Багачова — адна з 13 расейцаў, якім выставілі абвінавачаньні пасьля расьсьледаваньня спэцпракурора ЗША Робэрта Мюлера аб умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG