Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША асудзіў рашэньне прэзыдэнта вывесьці войскі з Сырыі


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША большасьцю галасоў прыняла рэзалюцыю, у якой асудзіла вывад амэрыканскіх вайскоўцаў з паўночнай Сырыі. Раней рашэньне аб вывадзе войскаў з рэгіёну на фоне турэцкай ваеннай апэрацыі супраць курдаў, саюзьнікаў Вашынгтону па кааліцыі, прыняў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

У рэзалюцыі гаворыцца, што Турэччына павінна спыніць ваенную апэрацыю ў Сырыі. Кангрэсмены заклікалі Белы дом прадставіць плян ліквідацыі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Рашэньне Трампа аб вывадзе войскаў раскрытыкавалі як прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, так і дэмакраты у Кангрэсе. Кангэсмэны асьцерагаюцца адраджэньня джыхадысцкага руху ў рэгіёне. Пра пагрозу адраджэньня «Ісламскай дзяржавы» заяўляў Пэнтагон.

У сваю чаргу прэзыдэнт ЗША на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне выказаў надзею, што Турэччына і Сырыя змогуць разабрацца ў цяперашняй сытуацыі. Трамп падкрэсьліў, што Вашынгтон таксама падключаецца да ўрэгуляваньня пытаньня. Па словах Трампа, ён ускладае вялікую надзею на сустрэчу прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам, якая мае адбыцца 17 кастрычніка. Кіраўнік Белага дому чарговы раз прыгразіў санкцыямі Анкары, калі Пэнсу і Эрдагану ня ўдасца дамовіцца аб урэгуляваньні крызісу.

9 кастрычніка на поўначы Сырыі пачалася турэцкая ваенная апэрацыя супраць курдаў. Анкара лічыць іх тэрарыстамі. Дзеяньні Анкары раскрытыкавалі ў Вашынгтоне, але Трамп заявіў што ня стане ўмешвацца ў дзеяньні Анкары. ЗША падтрымліваюць курдаў, як галоўных саюзьнікаў у барацьбе з радыкальнымі ісламістамі.

У сераду СМІ паведамілі, што былыя пазыцыі салдат ЗША займаюць сырыйскія ўрадавыя войскі і расейскія вайскоўцы. Гэта стала магчымым у выніку пагадненьня, якое курды заключылі з уладамі Сырыі для абароны ад турэцкага наступу. Мяркуецца, што турэцкая армія не будзе штурмаваць гарады, перададзеныя пад кантроль Дамаску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG