Чацьвёра хлопцаў з чорнымі павязкамі на твары трымалі плякаты і скандавалі: «Рукі прэч ад Курдыстану!», «Эрдаган фашыст».
Яны раскінулі лістоўкі «Спынім турэцкую агрэсію супраць Ражавы». (Rojava — курдзкая аўтаномія, абвешчаная ў 2014 годзе на поўначы Сырыі).
Скандавалі таксама «Свабоду Ражаве, сьмерць турэцкай імпэрыі!», «Сьмерць турэцкаму фашызму!».
«Мы тут, каб выказаць салідарнасьць з народам Курдыстану, які змагаўся супраць ІДзІЛу і супраць імпэрыялізму за свабоду», — сказаў падчас акцыі адзін з удзельнікаў.
Да іх падбег міліцыянт-ахоўнік, які вырываў плякаты, а потым спрабаваў затрымаць удзельнікаў акцыі. Ён ухапіўся за аднаго з хлопцаў, але астатнія трымаліся за свайго сябра. Урэшце яны вырваліся і зьбеглі.
Мінакі падымалі лістоўкі і чыталі. З амбасады да ўдзельнікаў акцыі ніхто ня выйшаў.