Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымліваць задавальненьне ад напругі». Пад Гомелем прайшоў першы ў Беларусі фэстываль шчасьлівых людзей


Першы ў Беларусі фэстываль шчасьлівых людзей «Файны ўзрост».
Першы ў Беларусі фэстываль шчасьлівых людзей «Файны ўзрост».

Пад Гомелем зладзілі першы ў Беларусі фэстываль шчасьлівых людзей «Файны ўзрост». Удзельнікам прапанавалі інструмэнтарый для дасягненьня калі не шчасьця, дык задавальненьня, радасьці і гармоніі.

Мэтавай аўдыторыяй фэсту сталі людзі 50+. Тры дні пошукаў формулы шчасьця прайшлі на тэрыторыі гатэльна-рэстараннага комплексу «Ранча» за горадам. Арганізавала фэст установа «Файны ўзрост» і яе дырэктар Лілія Калюжная. Падтрымалі мерапрыемства мясцовыя бізнэсмэны — сябры грамадзкага аб’яднаньня «Адзінства» з дырэктарам Інай Куставай.

Спікерскія і мэнтар-сэсіі праводзілі экспэрты ў галіне псыхалёгіі, творчасьці, здароўя, філязофіі, моды і прыгажосьці. Дасягненьню шчасьця спрыяла добрае надвор’е, дасьведчаныя спікеры, сьпевы ля вогнішча, трэнінгі па прыгажосьці і здароўю — псыхічнаму і фізычнаму.


Усе спікеры былі ў «файным узросьце» «50 плюс-мінус». Яны распавялі пра свой шлях калі не да шчасьця, то да ўнутранай гармоніі.

Грошы — гэта проста бонус, калі ты займаесься сваёй справай

Трэнэрка па тайскаму масажу Ніна Дабравольская
Трэнэрка па тайскаму масажу Ніна Дабравольская

Прыкладам, стваральніца брэнду «Каралеўскі памер», а цяпер — трэнерка па тайскаму масажу Ніна Дабравольская распавяла, што зь дзяцінства вельмі любіла прымяраць розныя строі. Так яна заснавала краму вопраткі. «Бізнэс, грошы — гэта было проста бонус. Я займалася тым, што люблю. Потым у Тайляндзе я трапіла на масаж. І зразумела — вось чым я буду займацца», — зазначыла Ніна Дабравольская. Цяпер пасьля навучаньня ўсім сакрэтам майстэрства масажу яна дзеліцца сваімі ведамі з іншымі.

Падарожнік Юрый Бірукоў
Падарожнік Юрый Бірукоў

Юрый Бірукоў з маладосьці любіў фатаграфаваць і падарожнічаць. Ужо больш дваццаці гадоў толькі гэтым і займаецца. Ён наведаў 70 краінаў сьвету. Апошняя любоў фатографа — Афрыка. «Мяне проста нясе плыньню. Цяпер я ваджу групы ў розныя краіны, праводжу курсы фатаграфіі». Ён ня думае, што шчасьце залежыць ад грошай. «У розных бедных краінах, у афрыканскіх плямёнах я бачу людзей, якія адкрытыя, радуюцца, і атрымліваюць задавальненьня ад тых малых і простых рэчаў, што яны маюць», — дадае падарожнік.

Ігар Ягадкін займаўся паліграфіяй. Цяпер ён — аўтар мэтодыкі інтуітыўнага маляваньня, заснавальнік прыватнай школы «Ключ». Зьмяніць дзейнасьць у дарослым узросьце — рызыка, выклік і шчасьце.

Псыхатэрапэўт Рубэн Магілёўскі разбурыў многія міты на шчасьце

Псыхатэрапэўт Рубэн Магілёўскі.
Псыхатэрапэўт Рубэн Магілёўскі.
  • Выраз «Хочаш быць шчасьлівым — будзь ім» — тролінг аўтара. «Жыцьцё — гэта напруга, а не расслабленьне. І пакуль мы не навучымся атрымліваць задавальненьне ад напругі і аддаваньня — мы будзем у трывозе і ў псыхатэрапэўтычных патрэбах.
  • Быць шчасьлівым — гэта ставіць мэты і дасягаць іх. Я працую шмат гадоў. Шмат бачыў людзей, якія ставілі мэты і дасягалі іх. І лячыліся ў мяне нон-стоп. Шчасьце — гэта такое маніпуляцыйнае паняцьце. Яно не канкрэтнае. А калі мы імкнёмся да нечага неканкрэтнага — то зьяўляецца вялікая колькасьць людзей, якія нас туды гатовыя весьці за нашы грошы. Усьвядомленасьць — вось штука, якая можа ўвесьці нас у камфортны стан.
  • — «Шчасьце — калі цябе разумеюць». — «Прыходзяць людзі і скардзяцца «Вох, мяне ніхто не разумее». Дык ты сам можаш дакладна сфармуляваць і сказаць — што ты хочаш? Не. Але хочаш, каб цябе зразумелі. Ня хочуць людзі напружвацца. Гэта для лайдакоў — скаргі «мяне ніхто не разумее». Чалавек — істота з пэрспэктывай Бога, як казаў Сартр. Гэта вялікая праца. І трэба не глядзець на пэрспэктыву, а рухацца.
  • Шчасьце — калі побач блізкія людзі. Блізкія людзі такія бываюць, што яны проста надакучваюць. Не абавязкова чалавек можа быць шчасьлівым побач з такімі людзьмі. Жаданьне быць аднаму — не паталёгія

Удзельнікі фэсту паспрабавалі сябе ў новых ролях: зьмянялі стыль, вучыліся масажу, скандынаўскай хадзьбе, сацыяльным танцам, маляваньню.

На фэсьце прапанавалі багаты інструмэнтарый для дасягненьня шчасьця — сон на пчолах, танцы, сьпевы пад гітару, смачная ежа.

Лілія Калюжная
Лілія Калюжная

«Мы сабраліся, каб сустрэцца, паразмаўляць, атрымаць кайф. Пажыць у соцыюме, які мы праз працу, сацыяльныя абавязкі ня бачым штодня. Шчасьце — гэта сустрэча з самім сабой — апасродкавана праз іншых людзей. Гэта вяртаньне формы — псыхічнай і фізычнай. Людзі няшчасныя часам, хоць і маюць інструмэнты для шчасьця — бо яны губляюць сувязь з соцыюмам», — патлумачыла арганізатарка фэсту Лілія Калюжная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG