Калі я была яшчэ дзяўчынкай, мне здавалася, што варыянтаў жыцьцёвага шляху у мяне зусім няшмат. Дакладней, мне вымалёўвалі толькі адзін напрамак — я мусіла пайсьці вучыцца ў Берасьцейскі пэдагагічны унівэрсытэт, стаць настаўніцай англійскай мовы і працаваць у школе. Калі мяне запрасілі вучыцца ў Ліцэй БДУ, я зразумела, што магчымасьцяў у мяне нашмат болей, і мне нават здавалася, што я ўвогуле ўсё магу. Ішоў час, я бачыла і ўласныя абмежаваньні, і ўсё новыя магчымасьці. І вось сёньня, у Міжнародны дзень дзяўчатак я хачу папрасіць усіх дарослых: не ламайце дзяўчаткам крылы!
Сьвет імкліва разьвіваецца, і ніколі раней у дзяўчатак не было так шмат магчымасьцяў і варыянтаў, як пражыць жыцьцё, колькі ёсьць цяпер. І толькі ад нас залежыць, ці будзе гэтых магчымасьцяў станавіцца болей. Мы, так бы мовіць, не маем права іх падвесьці.
Мы мусім вучыць іх быць сьмелымі і моцнымі, не баяцца цяжкасьцяў, не баяцца супярэчыць і адмаўляць навакольным, адстойваць свае правы. Але ж правільныя прамовы — гэта добра, аднак куды больш важна, што мы дэманструем ім на справе, бо прыгожыя словы ў неспрыяльным асяродзьдзі ня значаць амаль нічога.
Дзяржава адмаўляецца прымаць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, у нас дагэтуль не адменены сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, дзяўчат дыскрымінуюць пры прыёме ў пэўныя навучальныя ўстановы, мы атрымліваем заробкі, меншыя за мужчын, а апісваючы нашыя дасягненьні, чыноўнікі ўсё адно называюць нас «перш за ўсё жанчынамі і маці». Усё гэта несправядліва ў дачыненьні да нас саміх, але яшчэ больш несправядліва будзе, калі і сёньняшнія дзяўчаты, калі вырастуць, будуць сутыкацца з тым жа самым.
Таму мы мусім рабіць яшчэ болей. Мусім працягваць змагацца за законы, супрацьстаяць дыскрымінацыі і рабіць усё, каб цяперашнія дзяўчаты расьлі ў лепшым сьвеце, дзе іх не будуць абмяжоўваць толькі таму, што яны нарадзіліся дзяўчатамі.
Мы ня можам дазволіць, каб ім у будучым забаранялі аборты альбо прымушалі іх рабіць, ня можам дазволіць, каб іх пазбаўлялі актуальных навуковых дадзеных на карысьць чыіхсьці рэлігійных перакананьняў і традыцыйных вераваньняў.
Як бы патасна гэта ні гучала, але будучыня дзяўчатак залежыць толькі ад нас, і яны заслугоўваюць лепшага жыцьця, чым мы маем цяпер. Ніводная дзяўчынка ня мусіць чуць, што яна чагосьці не можа толькі таму, што яна не хлопчык, і ніводная дзяўчынка ня мусіць абіраць вопратку, цацкі, хобі ці прафэсію па крытэры жаноцкасьці.
Ня трэба ламаць ім крылы — гэта жорстка і бесчалавечна. Адкрывайце дзяўчатам усе шляхі, давайце ім магчымасьць быць мацнейшымі і больш пасьпяховымі за нас саміх, ад гэтага ўсім будзе толькі лепей. Ня бойцеся іх сьмелых пытаньняў і бясстрашных жаданьняў, заахвочвайце іх дасягаць яшчэ большага, паказвайце ім, як істотны для вас іх посьпехі і дасягненьні!
І калі ласка, ніколі не кажыце ім «ну ты ж дзяўчынка» — не прыніжайце ні іх, ні саміх сябе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.