Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас падпісаў пастанову ўраду аб «дзяржаўнай закупцы з адной крыніцы» юрыдычных паслуг «суправаджэньня пераводу Рэспублікі Беларусь са статусу краіны зь нярынкавай эканомікай у статус краіны з рынкавай эканомікай Міністэрствам гандлю Злучаных Штатаў».
Суправаджаць зьмену статусу будзе амэрыканская кампанія Crowell & Moring. У кампаніі са штаб-кватэрай у Вашынгтоне працуе каля паўтысячы юрыстаў, яе называюць у ліку сотні найважнейшых юрыдычных кампаніяў ЗША. Яе кліентам была і скандальная прыватная вайсковая кампанія Blackwater (цяпер — Academi).
Колькі грошай каштуе закупка, не ўдакладняецца. Як і не ўдакладняецца, якія канкрэтна паслугі закупліваюцца.
Статус рынкавай эканомікі пажаданы для далучэньня да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO), але не абавязковы. Да краінаў зь нярынкавай эканомікай могуць ужывацца асаблівыя правілы і мыты, антыдэмпінгавыя захады.
У жніўні стала вядома, што дзяржаўная беларуская нафтавая кампанія (БНК) наняла амэрыканскага лабіста Дэвіда Генкарэлі, каб дамагчыся поўнага скасаваньня амэрыканскіх санкцыяў, што адкрыла б магчымасьць для Беларусі купляць нафту ў ЗША.
Беларусь зьбіраецца далучацца да WTO аж з 1993 году і цяпер знаходзіцца на завяршальным этапе далучэньня да арганізацыі, якая аб’ядноўвае 164 краіны. Але ўлады кажуць, што далучэньне адбудзецца «яшчэ ня заўтра».
Гэтым летам Кітай сустрэўся з адмовай Эўразьвязу надаць такі статус ягонай эканоміцы, раней у такім статусе Кітаю адмаўлялі ЗША. Пры гэтым краіна далучылася да WTO ў 2001 годзе.