Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што новага мы даведаліся пра Міхалка і гурт Brutto з забароненай у Маскве дакумэнталкі


Паказ дакумэнтальнага фільму пра Сяргея Міхалка і гурт Brutto ў Віцебску
Паказ дакумэнтальнага фільму пра Сяргея Міхалка і гурт Brutto ў Віцебску

Фільм ужо паказалі ў Менску і выклалі на YouTube. У Маскве фільм у апошні момант забаранілі. Дадатковы перадпрэм’ерны паказ прайшоў у Віцебску — набліжэйшым да расейскай мяжы буйным горадзе.

Паглядзелі фільм і расказваем, што новага даведаліся пра Сяргея Міхалка і гурт Brutto.

Падзеі фільма ахопліваюць тры дзесяцігодзьдзі

«Тое, што паказ адмянілі ў Маскве, прыцягнула маю ўвагу, і я адразу выйшаў на прадусара, — патлумачыў Віталь Броўка, гаспадар арт-пабу „Торвальд“, дзе глядзелі фільм 8 кастрычніка. — Хай Масква адмяняе, а Віцебск з радасьцю пакажа».

Віталь Броўка
Віталь Броўка

Броўка ладзіў канцэрты «Ляпісаў» і Brutto ў Віцебску да забароны і пасьля яе скасаваньня.

«Пасьля абвяшчэньня паказу ў Віцебску мне пісалі ў асабістыя паведамленьні нават з Масквы і Смаленску — з пазытыўнымі зычэньнямі і шкадаваньнем, што ў іх гэтага не адбываецца», — кажа ён.

Brutto Nostra — дакумэнтальная стужка рэжысэра з Украіны Дзьмітрыя Аўдзеева пра творчасьць беларускага сьпевака Сяргея Міхалка. Выхад фільму прымеркаваны да пяцігодзьдзя панк-рок-гурту Brutto, утворанага ў 2014-м — пасьля таго, як праект «Ляпіс Трубяцкі» скончыў сваё існаваньне.

Над фільмам працавалі цягам двух з паловай гадоў. У яго ўвайшлі архіўныя матэрыялы ад 1989 году да кадраў апошняга кліпа «Мэльхіёр і Каспар». Аднавіць хроніку падзей дапамагаюць сябры Brutto Мікалай Халезін, Віталь Драздоў, Артур Вакараў, Сьвятлана Зелянкоўская, Антон Азізбекян ды іншыя.

Ніхто не чакаў спартовага Міхалка

Фільм пачынаецца песьняй «Родны край» з другога студыйнага альбому Brutto. Гэтаксама называўся першы пасьля забароны выступ гурту ў Гомлі ў 2016 годзе.

Галоўны герой і апавядальнік у стужцы — сам Сяргей Міхалок. Хроніка падзей стартуе ад 1989 году, калі, ахвяраваўшы археалягічнай кар’ерай, сьпявак пачынае вучобу ў Менскім інстытуце культуры. Там зьявілася «нефармальная андэрграўндная тусоўка, дзе курылі, пілі піва, мацюкаліся». Іншымі словамі, «качагарка Цоя».

Падчас прагляду
Падчас прагляду

Усе «качагары» сталі гуртом «Ляпіс Трубяцкі», каб дэбютаваць на сцэне фэстывалю «Тры колеры». Выступ прыхільнікі сапраўднага беларускага року не ацанілі. Адам Глёбус прадказваў, што дэбютанты пратрымаюцца ня болей за тры месяцы.

Рост папулярнасьці «Ляпісаў» у фільме суправаджаецца ўрыўкамі з гітоў канца 90-х — пачатку 2000-х.

«Тое, што сьвет палюбіў, я гэта ўжо ненавідзеў, — прызнаецца Міхалок. Панк-культуру замяняе філязофія адзінаборстваў. У 2007 годзе настае час новага «Ляпіса», за якім стаіць «спартовы» Міхалок. Паводле былога ўдзельніка «Ляпіса» Віталя Драздова, для большасьці людзей ён зьявіўся як чорт з табакеркі: «нечакана і з салютам». Зьмены зь целам і духам сьпевака адбываюцца пасьля моцнага наркатычнага прыпадку.

«Ляпіс» меў неверагодны посьпех, які суправаджаўся зрывамі канцэртаў і іншымі дэмаршамі. У фільм увайшлі кадры з гістарычнага выступу Міхалка ў Вупэрталі. Разам з тым сьпявак прызнаецца, што сумяшчаў у «Ляпісе» некалькі праектаў, якія варта было адасобіць.

У 2014 годзе «Ляпіс» распаўся — пра тое, што складае зь сябе рок-карону і здымае мантыю найвялікшага рок-блазна ў гісторыі, Міхалок паведаміў з Канаў. Неўзабаве зьявіўся гурт Brutto.

Гледачы
Гледачы

У фільме падрабязна расказваецца пра яго склад і тое, што ў гурце няма людзей выпадковых. У Brutto пайшлі тыя, «хто гатовы быў далей ваяваць і змагацца, каму быў цікавы гэты бок „Ляпісу“, файт. Ну і час быў вогненны».

Фармат новага гурту выклікаў шмат нэгатыву, які Міхалок ігнараваў.

«Я не даваў інтэрвію... Выхоўваў дзяцей і рэпэтаваў з Brutto».

Чаму фільм не рызыкуюць паказваць у Расеі

Нечакана Brutto стаў зоркаю андэрграўнду. Зь вялікай колькасьцю фанатаў ва Ўкраіне, Беларусі, Расеі. Яго папулярнасьць ня мела межаў.

«Пачало зьмяняцца грамадзтва і думкі моладзі. Ім патрэбен быў ідэалягічны правадыр, — кажа Віталь Драздоў. — У Расеі ёсьць вялікая колькасьць людзей, якія ня проста любяць Brutto, яны жывуць тымі ж думкамі, тымі ж прынцыпамі, якія прапаведуе гурт».

«Калі мы дажывём да таго, што там зьменіцца рэжым, я ведаю: Міхалок зробіць тур па Расеі такі, ад якога сьвет скаланецца», — перакананы сябар Brutto Мікалай Халезін.

Удзельнікі прагляду
Удзельнікі прагляду

У кантэксьце Майдану, Данбасу, Крыму Brutto пачалі разглядаць як палітычны гурт. На яго пачаліся сур’ёзныя нападкі.

«Мы трапілі на зуб тым, да каго мне не было справы, — адзначае Сяргей Міхалок. — Нейкі блазен Міхалок і прозьвішчы Лукашэнка, Пуцін, Навальны. І пры гэтым я антыпалітычны пэрсанаж».

Міхалок зрабіўся трэндам і брэндам Украіны. «Воіны сьвету» сталі сымбалем Майдану. Паводле сяброў Міхалка, энэргія тых зьменаў, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне, даюць сьпеваку моцны творчы запал.

Што яшчэ новага даведаліся пра Brutto

  • Вакаліст Brutto Віталь Гуркоў — баец муай-тай, чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу, першы беларускі спартовец, які пачаў даваць інтэрвію на беларускай мове. У гурце носіць мянушку Гурок. «Што б ні здарылася з тэхнікай, вінаваты заўсёды Гурок», — кажуць у фільме.
  • Сяргей Каралёў, альбо Бразіл, зьявіўся ў гурце як тафгай, каб гасіць канфлікты. У вольны час працуе ў барбэршопе. Сваю галаву Міхалок давярае толькі яму.
  • Вакаліст Дзяніс Мельнік па мянушцы Лэфт, акрамя музыкі, захапляецца скейтбордынгам і сёрфінгам.
  • Вакаліст Пётра Ласеўскі, альбо Пеця Бусел, езьдзіць на ровары «Аист». Мае калекцыю двухколавых машын гэтага брэнду.
  • Сьвятлана Зелянкоўская ўпершыню пазнаёміліся зь Міхалком у цягніку. Яна адзіная ўмяшалася ў бойку паміж сьпеваком і акторам свайго тэатру.
  • Песьня «Воіны сьвету» напісаная ў Дамінікане.
  • Сяргея Міхалка крытыкавалі за манеру прачытаньня вершаў Багдановіча.
  • У вершах Янкі Купалы Міхалок бачыць марш, бойку і атаку.

Фільм Brutto Nostra можна паглядзець на YouTube.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG