Беларусь зацікаўленая ў хуткім вырашэньні візавага пытаньня і пашырэньні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Пра гэта заявіў прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас падчас сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Эўразьвязу Дыркам Шубэлем.
Што зь візамі па 35 эўра?
Румас нагадаў, што Беларусь скончыла ўсе ўнутраныя працэдуры, якія папярэднічаюць падпісаньню дакумэнту аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам. Беларускія ўрадоўцы разьлічваюць, што ЭЗ таксама ў найбліжэйшы час скончыць гэтыя працэдуры.
Што яшчэ сказаў Румас?
- «Мы не імкнемся да сяброўства з ЭЗ, але зацікаўлены ў пабудове супрацы па цэламу шэрагу накірункаў. Нам неабходна ліквідаваць барʼеры, якія засталіся, і пераходзіць да разьвіцьця гандлёва-эканамічнага, інвэстыцыйнага ўзаемадзеяньня, пашыраць галіновую супрацу, кантакты паміж прадстаўнікамі бізнэсу».
- Румас задаволены тым, як разьвіваецца дыялёг з Эўразьвязам, але трэба яшчэ «шмат зрабіць, каб адносіны выйшлі на новы ўзровень, які адпавядае іх патэнцыялу».