Супрацоўнікі наркакантролю Горадзенскай вобласьці 4 кастрычніка затрымалі арганізатара гуртка робататэхнікі, які дзяліўся марыхуанай зь непаўналетнімі навучэнцамі, паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў.
Паводле МУС, мужчына 1981 году нараджэньня ўзначаліў гурток робататэхнікі, які «карыстаўся вялікай папулярнасьцю», але ў гуртку ён разам з навучэнцамі ня толькі мадэляваў робатаў, але і ўжываў марыхуану.
Наркатычным сродкам мужчына дзяліўся прынамсі з траімі падлеткамі 14–16 гадоў, высьветлілі праваахоўнікі. Яго затрымалі якраз у час курэньня марыхуаны ў адным з памяшканьняў, дзе ладзіліся заняткі.
Адносна мужчыны распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 328 КК, яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён пад вартай.