Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара папулярнага ютуб-каналу «Краіна для жыцьця» затрымалі ў цэнтры Менску пасьля пікету Мікалая Статкевіча. Пра гэта ён паведаміў падчас прамога эфіру ў сваім канале.
Паводле Ціханоўскага, яго «цягнула» шэсьць экіпажаў ДАІ. У раёне вуліцы Карла Маркса аўтамабіль, якім перамяшчаўся блогер, спыніўся і супрацоўнік ДАІ паведаміў, што на машыну зарэгістраваныя неаплачаныя штрафы. Пазьней Сяргея Ціханоўскага запрасілі праехаць у Ленінскі РАУС. Там яму было паведамлена, што аўтамабіль, магчыма, скрадзены.
На трансьляцыі бачна, што міліцыянты паводзяць сябе карэктна. Сіла супраць Ціханоўскага не ўжывалася. Яго падазраюць ва ўчыненьні адміністратыўнага правапарушэньня.