Тры камітэты Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, на чале якіх стаяць прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі, накіравалі ў Белы дом афіцыйную позву з патрабаваньнем падаць дакумэнты, зьвязаныя зь іх расьсьледаваньнем ў дачыненьні да прэзыдэнта ЗША, паведамляе Голас Амэрыкі.
Заканадаўцы былі вымушаныя накіраваць позву пасьля таго, як Белы дом не прадаставіў запатрабаваных ў лісьце ад 9 верасьня дакумэнтаў датычна размовы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны Дональда Трампа і Ўладзімера Зяленскага.
Кангрэсмэны Камітэту па наглядзе, Камітэту па выведцы і Камітэту па міжнародных адносінах патрабуюць, каб Белы дом перадаў ім запытаныя дакумэнты не пазьней за 18 кастрычніка. У прыватнасьці, іх цікавіць, хто яшчэ прысутнічаў падчас тэлефоннай размовы.
Аналягічную позву накіравалі віцэ-прэзыдэнту ЗША Майку Пэнсу. Ад яго патрабуюць прадаставіць дакумэнты, што датычаць яго сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім, а таксама запіс тэлефоннай размовы Трампа і Зяленскага.
Юрысты Белага дому кажуць, што Трамп мае права ігнараваць запыты камітэтаў, якія праводзяць расьсьледаванне, бо Палата прадстаўнікоў у поўным складзе не ўхваліла яго пачатак.
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 24 верасьня адкрыла расьсьледаваньне ў рамках імпічмэнту прэзыдэнта Трампа, падставай для якога стала тэлефонная размова Трампа і Зяленскага 25 ліпеня.
Праціўнікі Трампа лічаць гэтую размову сьведчаньнем таго, што прэзыдэнт ЗША рабіў незаконнае ўзьдзеяньне на сваіх палітычных канкурэнтаў.