Праз тры гадзіны пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Жытоміры, Уладзімір Зяленскі апублікаваў у фэйсбуку пост, напісаны часткова па-ўкраінску і часткова па-беларуску.
«У нас з білорусами — спільний кордон, спільна історична доля, багато спільних проблем та викликів. Хочемо, щоб у нас були і спільні можливості. Міру, росквіту і дабрабыту нашым народам!» — напісаў Зяленскі на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку.
Прэзыдэнт Украіны мае больш за мільён падпісчыкаў у гэтай сацыяльнай сетцы.
Таксама па-беларуску Зяленскі зьвярнуўся да ўсіх прысутных на пачатку свайго выступу на Форуме рэгіёнаў. І непасрэдна да Лукашэнкі.
«Паважны спадар прэзідэнт», — памылкова прамовіў Зяленскі па-беларуску слова «паважаны».
Прэзыдэнт Украіны ўдакладніў, што «яшчэ працуе над гэтым», маючы на ўвазе беларускую мову.
Абвесткі на Форуме рэгіёнаў рабіліся на ўкраінскай мове, часткова яны дубляваліся па-беларуску. Аляксандар Лукашэнка ўвесь час прамаўляў па-расейску.