З моманту набыцьця моцы закону «Аб карце паляка» ў 2008 годзе дакумэнт атрымалі ўжо больш за 137 тысяч грамадзянаў Беларусі, паведамляе Rzeczpospolita.
Паводле Міністэрства замежных спраў Польшчы, у пэрыяд з 2008 году па 24 верасьня 2019 году беларусы атрымалі 131 770 «картаў палякаў», штодня апрацоўваецца больш за 1500 заяваў.
Пры гэтым апошнія гады колькасьць заяваў на атрыманьне «карты паляка» расьце: за апошнія тры гады дакумэнт атрымалі больш за 55 тысяч беларусаў, у той час як за папярэднія 8 гадоў было аформлена каля 75 тысяч «картаў паляка» (такую лічбу называў у чэрвені 2016 году тагачасны амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік).
Беларусы па-ранейшаму лідэры ў колькасьці атрыманых «картаў паляка»; на другім месцы — украінцы.
Як адзначае выданьне, паводле зьменаў, унесеных у закон у 2016 годзе, цяпер уладальнікі «карты паляка» могуць атрымаць бясплатную карту сталага пражываньня практычна адразу, а праз год пражываньня ў Польшчы — польскае грамадзянства, а таксама могуць зьвярнуцца па фінансавую дапамогу, якая выплачваецца на працягу дзевяці месяцаў. Раней «карта паляка» не дапамагала нават атрымаць часовы від на жыхарства, а толькі бясплатную візу.