Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Чэхія будуць узаемна прызнаваць пэнсійны стаж


Беларусь і Чэхія заключылі адміністрацыйнае пагадненьне аб прымяненьні дамовы паміж дзьвюма краінамі аб пэнсійным забесьпячэньні.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, дакумэнт 25 верасьня падпісала міністарка працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касьцевіч і пасол Чэхіі ў Беларусі Томаш Перніцкі.

Пагадненьне рэглямэнтуе ўзаемадзеяньне кампэтэнтных установаў дзьвюх дзяржаваў у працэсе прызначэньня і выплаты пэнсій з улікам нормаў дамовы, прынятай14 сакавіка 2018 году.

«Яго падпісаньне — чарговы важны крок у разьвіцьці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне пэнсійнага забесьпячэньня, — адзначылі ў міністэрстве. — Яго рэалізацыя ў частцы пэнсійнага забесьпячэньня дазволіць забясьпечыць грамадзянам, якія жывуць у Беларусі і Чэхіі, атрыманьне пэнсіі за стаж працы, набыты на тэрыторыях названых дзяржаў. Адміністрацыйнае пагадненьне набудзе моц адначасова з дамовай — з 1 кастрычніка 2019 году».

Дамова рэгулюе пытаньні выплаты ўзносаў на абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаваньне і прызначэньні і выплаты пэнсій: у Беларусі — працоўных пэнсій па ўзросьце, за выслугу гадоў, па інваліднасьці, з нагоды страты карміцеля; у Чэхіі — па ўзросьце, па інваліднасьці, удаве/удаўцу, сіраце.

Выплата страхавых узносаў будзе праводзіцца па агульных правілах, якія дзейнічаюць у дзяржаве, у якой грамадзяне працуюць.

Пэнсіі кожная дзяржава будзе прызначаць за свой стаж і выплачваць на тэрыторыю краіны пражываньня грамадзяніна. Выплата пэнсій зь Беларусі ў Чэхію і наадварот будзе налічацца ў эўра на асабісты рахунак пэнсіянэра ў банку краіны пражываньня.

Пры пераезьдзе чалавека зь Беларусі ў Чэхію і з Чэхіі ў Беларусь за ім будзе прыйдзе сьледам прызначаная яму пэнсія за стаж, набыты на тэрыторыі дзяржавы выезду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG