Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што распарадзіўся апублікаваць поўную расшыфроўку яго тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая стала прычынай палітычнага скандалу ў Вашынгтоне.
Трамп напісаў у твітэры, што расшыфроўка будзе апублікаваная ў сераду, тэкст будзе цалкам рассакрэчаны і ня будзе рэдагаваны.
Таксама сёньня Трамп заявіў, што Вашынгтон зноў заблякуе фінансавую дапамогу Украіне, калі свой уклад у разьвіцьцё гэтай краіны не будуць рабіць Эўропа і іншыя краіны. Пра гэта прэзыдэнт ЗША заявіў журналістам у аўторак перад сваім выступам на Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
У ліпені амэрыканскі прэзыдэнт распарадзіўся замарозіць каля 400 мільёнаў даляраў на дапамогу Кіеву, у тым ліку і вайсковую. Гэта адбылося за тыдзень да таго, як адбылася тэлефонная размова Трампа і прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта напісала The Washington Post. Адна з крыніц газэты заявіла, што Трампа перш за ўсё турбавала карупцыя ва Ўкраіне. У сярэдзіне верасьня паведамлялася аб размарозцы фінансавай дапамогі.
Таксама раней зьявіліся паведамленьні, што Трамп у абмен на фінансавую дапамогу заклікаў Кіеў пачаць расьсьледаваньне супраць сына былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. Гэты палітык-дэмакрат можа стаць галоўным супернікам Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
Апанэнты Трампа назвалі недапушчальным тое, што кіраўнік Белага дома выкарыстоўвае службовае становішча для перасьледу палітычнага канкурэнта. Сам ён катэгарычна адмаўляе, што ў гутарцы з Зяленскім у ліпені аказваў на яго ціск.
Дэмакраты ў Кангрэсе заяўляюць, што гэтая гісторыя можа стаць падставай для імпічмэнту прэзыдэнта. Джо Байдэн у аўторак таксама заявіў, што падтрымае імпічмэнт, калі Трамп ня будзе супрацоўнічаць з Кангрэсам пры расьсьледаваньні вылучаных супраць прэзыдэнта абвінавачваньняў.