Януш Вісьнеўскі, польскі аўтар бэстсэлера «Адзінота ў сеціве» і нямецкі хімік з доктарскай ступеньню ў галіне інфарматыкі, стаў новым госьцем «Інтэлектуальнага клюбу» Сьвятланы Алексіевіч. Падчас сустрэчы Вісьнеўскі падзяліўся навіной: ён напісаў працяг культавага раману і ў сьнежні ён выйдзе па-беларуску — раней, чым расейскамоўная вэрсія. Свабода сабрала найлепшыя цытаты аўтара пра адзіноту, сеціва і хімічную прыроду каханьня.
Пра адзіноту
У маім асабістым жыцьці быў пэрыяд смутку, трагедыі ў стасунках з маёй жанчынай. Я хацеў нешта супраць гэтага смутку зрабіць. Можна было пайсьці да псыхатэрапэўта, але яны закрываюцца ўжо а пятай гадзіне, а я хацеў размаўляць і ў 22:00, і ў 23:00. У рэшце рэшт я вырашыў: будзе таньней напісаць кнігу пра гэта.
У нас у кішэні заўсёды ёсьць магчымасьць быць зь людзьмі. Але ўзровень адзіноты не паніжаецца. Пэўныя людзі прыходзяць да доктара не таму, што яны хворыя, а каб з кімсьці паразмаўляць. Ня думаю, што яны хочуць ад доктара лекаў супраць адзіноты. Ёсьць лекі ад дэпрэсіі, але дэпрэсія і адзінота — гэта не заўсёды адно і тое ж. Ад адзіноты лекаў няма.
Пра сеціва
Я быў першым чалавекам ва ўсходняй частцы сьвету, які напісаў пра пачуцьці, пра тое, як людзі закахаліся ў інтэрнэце. Кніга пра нешчасьлівае каханьне ўлюбляе людзей. Мы, усходнія славяне, любім смутак. Гэта культ смутку. Немцы ня любяць смутку. Мы любім смутак.
Нельга затрымаць развіцьцё тэхналёгіяў. Але думаю, што ня будзе ніякай катастрофы. Цяпер ёсьць такая тэндэнцыя: маладыя людзі кідаюць фэйсбукі і пачынаюць зноўку жыць і стасавацца ў рэальнасьці. У сьвеце заўжды ёсьць сынусоіда, сацыяльныя сеткі, новыя тэхналёгіі дасягнулі свайго піку.
Цяпер трэба паведаміць, што «я цябе люблю», іконаграфічна — выбраць смайл, так прасьцей. Але надта шмат інфармацыі трэба апрацоўваць штодня. Да прыкладу, людзі ў канцы ХІХ стагодзьдзя за ўсё жыцьцё атрымлівалі менш бітаў інфармацыі, чым людзі сёньня атрымліваюць за адзін дзень.
Пра каханьне
Каханьне мае сваю хімічную формулу, якую я вельмі дакладна ведаю, я ведаю, што адбываецца ў галаве ў людзей, калі яны закаханыя. Я пішу пра каханьне як лябарант, я пішу як паэт. Але пра каханьне лябарант ведае больш, чым паэт.
90% пасьпяховых стасункаў — гэта цікавая размова, 10% — цікавы сэкс, я так думаю. Маладыя людзі думаюць наадварот.
У людзей закаханых кортэкс, які адказвае за логіку, абсалютна чорны — неактыўны. Чорны і абшар, які адказвае за пэрцэпцыю вобразаў. Ёсць прымаўка, што каханьне сьляпое — гэта ня прымаўка, гэта праўда.
Каханьне пачынаецца з амфэтаміну. Яго зьяўленьне актывізуе апіятавыя рэцэптары, гатовыя прыняць у сябе апіяты — гэта гераін, какаін. Можна спытаць сябе: ці Бог хацеў, каб у нас былі апіятавыя рэцэптары ў мозгу? Эвалюцыя гэтага хацела? Так, хацела!
Пра кепскую экранізацыю
Маладыя жанчыны бралі маладых людзей, каб паказаць на экране дасканалае каханьне, а маладыя людзі засыналі.
Гэты фільм не спадабаўся 85 адсоткам людзей. Я гэта ведаю, бо рэжысэр ня даў свой адрас электроннай пошты, а ўсе ведалі мой. І ўся крытыка прыйшла да мяне. А я проста аддаў яму сваю кнігу.
Гэта быў яго першы фільм як рэжысэра, ён быў апэратарам заўсёды. Ён быў апэратарам і гэтага фільму, ён даў свае грошы на гэты фільм, ён быў прадусэрам гэтага фільму, ён выбіраў музыку, ён выбраў актораў для гэтага фільму — ён быў Сталінам гэтага фільму. Не было ніякага чалавека, які б сказаў яму, што ён робіць кепскі фільм. І самае горшае, што калі ён рабіў гэты фільм, ён ня быў закаханы ні ў якую жанчыну. Закаханыя рэжысэры робяць добрыя фільмы, незакаханыя — не.
Пра палітыку
Мой тата быў чатыры гады ў канцэнтрацыйным лягеры. Ён ненавідзеў палітыку, ненавідзеў чырвоных, зялёных, чорных — ніякай палітыкі. Памятаю, як мне было 10 гадоў і я не хацеў вучыцца ў школе, хацеў гуляць у мяч. І ён мне сказаў: «Януш, калі ты ня будзеш вучыцца, ты станеш палітыкам». Таму ў мяне адна кандыдацкая і адна доктарская, каб палітыкам ні ў якім сэнсе ня быць.
Палітыка ўплывае на нашае жыцьцё, на нашую самоту. Ёсьць народы, самотныя праз палітыкаў. Я не хачу паказваць пальцам, якія гэта народы.
Пра касьцёл
Я фізык, які верыць у Бога. Для мяне гэта больш філязофія, чым тое, што мы чытаем у Бібліі. Я хаджу ў касьцёл заўсёды ў панядзелак, заўсёды, калі там нікога няма, проста падумаць, паразмаўляць зь ім. Але мне не патрэбны касьцёл, каб верыць у Бога.
Польскі касьцёл мае велізарныя праблемы, шмат людзей выходзіць з касьцёлу. Велізарныя, жудасныя скандалы з пэдафіліяй, якія там адбываліся. Польскі каталіцкі касьцёл праходзіць празь вельмі кепскую фазу, і яны вінаватыя ў гэтым.