25 верасьня суд Савецкага раёну Гомля мае вынесьці прысуд школьніцы і яе прыяцелям, якія ўдзельнічалі ў наркатычным бізнэсе. Ім пагражае па 11 гадоў пазбаўленьня волі.
На судзе школьніца наракала на няведаньне адказнасьці за распаўсюджваньне псыхатропных рэчываў і адсутнасьць прафіляктычнай працы ў школе.
Камісія ў справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкаму правяла нараду аб прафіляктыцы наркотыкаў сярод моладзі. Па выніках быў складзены дакумэнт, дзе прапісалі мэтады барацьбы з наркаманіяй. Пратакол паседжаньня накіраваны для выкананьня ва ўсе райвыканкамы.
Копію «Пратаколу паседжаньня» Свабодзе перадалі чытачы.
Як чыноўнікі будуць супрацьстаяць наркотыкам у падлеткавым асяродзьдзі?
Камісія ў справах непаўналетніх раздала шэраг даручэньняў.
- Адукацыі, мэдыцыне і міліцыі да 1 лістапада «забясьпечыць правядзеньне прафіляктычных мерапрыемстваў з навучэнцамі (выступы, лекцыі, гутаркі, дэманстрацыя відэаматэрыялаў) для прапаганды здаровага ладу жыцьця.
- Да 1 кастрычніка правесьці працу з бацькамі, дзе патлумачыць ім адказнасьць непаўналетніх за злачынствы з наркотыкамі, неабходнасьць кантролю дзяцей у вольны ад вучобы час.
Выканкамам камісія даручыла
- Забясьпечыць максымальную занятасьць і арганізацыю адпачынку непаўналетніх у час вакацый і па-за вучобай.
- Для кожнага злачынства непаўналетняга «высьвятляць прычыны і ўмовы, якія яму спрыялі».
- Забясьпечыць тэрміновае інфармаваньне міліцыяй і мэдыцынай аб фактах ужываньня бацькамі псыхатропных ці наркатычных рэчываў.
- Правесьці шырокамаштабную кампанію з прыцягненьнем увагі СМІ да парталу Pomogut.by.
- Арганізаваць шырокае абмеркаваньне ў сацыяльных сетках пытаньняў, якія тычацца прафіляктыкі наркаманіі сярод падлеткаў.
Міліцыі даручана
- Праводзіць апэратыўна-пошукавыя і прафіляктычныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі і інтэрнатах з мэтай папярэджаньня і выяўленьня «наркатычных» злачынстваў сярод падлеткаў.
- Сумесна з адукацыяй «працягнуць вывучэньне груп падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў нарколяга».
- Праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі і бацькоўскай супольнасьцю ў пытаньнях прафіляктыкі «наркатычных» злачынстваў сярод падлеткаў.
Упраўленьню адукацыі даручана
- Правесьці абласны зьлёт валянтэрскіх і «антынаркатычных» атрадаў з мэтай абмену досьведам у прафіляктыцы наркаманіі сярод падлеткаў.
- Сумесна з мэдыкамі, міліцыяй, ВНУ дасьледаваць эфэктыўнасьць прафіляктычных захадаў.
- Арганізаваць прафіляктычны маратон.
- Сумесна з выканкамамі сфарміраваць банк зьвестак непаўналетніх, якія нідзе не працуюць і не вучацца, замацаваць за імі спэцыялістаў дзяржаўных органаў, садзейнічаць у іхным працаўладкаваньні, атрыманьні прафэсіі.
- Выпрацаваць сыстэму атрыманьня інфармацыі з устаноў адукацыі аб праведзеных прафіляктычных мерапрыемствах (колькасьць удзельнікаў, што зроблена, эфэктыўнасьць).
Ідэалёгіі даручана
- Правесьці ў СМІ антынаркатычную акцыю, накіраваную на фарміраваньне ў насельніцтва нэгатыўнага стаўленьня да наркотыкаў, павышэньню даверу насельніцтва да работы ў гэтай сфэры міліцыі.
- Рэдакцыям дзяржаўных выданьняў арганізаваць апытаньне насельніцтва на гэтую тэму, стварыць тэматычныя ролікі, распаўсюдзіць іх праз інтэрнэт.
- Падрыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы на гэтую тэму для сустрэч у працоўных калектывах.
Чыноўнікі мусяць выканаць даручэньні і даць справаздачу ў камісію ў справах непаўналетніх да 1 сьнежня.