Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцяпляць дамы ў Беларусі будуць толькі са згоды дзьвюх трацін уласьнікаў кватэр


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такая норма зьмяшчаецца ў праекце прэзыдэнцкага ўказу, паведаміў 24 ліпеня журналістам супрацоўнік Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксьціловіч. Паводле яго, гэты дакумэнт знаходзіцца «у завяршальнай стадыі, і мы чакаем яго падпісаньня неўзабаве».

Уцяпленьне фасадаў жылых дамоў, альбо, як гэта яшчэ называюць, «цеплавая мадэрнізацыя», дапамагае падтрымліваць у кватэрах больш камфортную тэмпэратуру і зьніжае выдаткі цеплавой энэргіі. Фінансаваньне работ плянуецца з прыцягненьнем бюджэтных сродкаў і сродкаў насельніцтва. «Дзяржава бярэ на сябе да паловы ўсіх выдаткаў», — падкрэсьліў спадар Аксьціловіч.

Найбольш магчымы варыянт наступны: улады бяруць крэдыт у Эўрапейскім банку рэканструкцыі і разьвіцьця і гэтымі грашыма разьлічваюцца за мадэрнізацыю з будаўнікамі. А жыхары дамоў будуць аплочваць сваю частку выдаткаў у растэрміноўку і празь безнаяўныя субсыдыі.

Каля 60% жыльля ў Беларусі не зьяўляецца энэргаэфэктыўным, паколькі яно будавалася ў тыя часы, калі гэты фактар наагул ня ўлічваўся. Энэргаэфэктыўныя дамы пачалі ўзводзіць толькі з 2010 году з пакватэрнымі прыборамі ўліку і рэгуляваньня ацяпленьня.

Найбольш апэратыўна гарачую ваду падаюць у Слоніме

Тэрміны адключэньня гарачай вады ў Беларусі па-ранейшаму не павінны перавышаць 14 дзён, заявіў спадар Аксьціловіч. Але ў некаторых гарадах рамонтныя работы праводзяць і хутчэй. У якасьці прыкладаў ён назваў Ваўкавыск (10 дзён), Наваградак (7) і Слонім, дзе ў частцы гораду ўсё зрабілі за 3-4 дні.

На ўдакладняльнае пытаньне «Свабоды», ці не праводзіцца на Горадзеншчыне нейкі экспэрымэнт, супрацоўнік Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі адказаў адмоўна:

«Гэта толькі супадзеньне. Але гэта прыклады таго, як можна выконваць неабходныя работы хутчэй».

Карэспандэнт «Свабоды» нагадаў Генадзю Аксьціловічу, што ў Менску сёлета не адключалі гарачую ваду да завяршэньня другіх Эўрапейскіх спартовых гульняў і запытаў, ці не адаб’ецца гэта на працягласьці рамонтных работ водаправодаў. Чыноўнік адказаў, што вызначаныя тэрміны работ парушацца ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG