У прэс-службе БДУ пракамэнтавалі інфармацыю, якую распаўсюдзіў Telegram-канал «Отчислено». Там заявілі, што 11–12 верасьня 10 студэнтаў былі шпіталізаваныя з норавірусам.
Паводле «Отчислено», у сталовай БДУ № 5 (Кастрычніцкая вуліца, 4а) знайшлі кішэчную палачку. На мінулым тыдні з інфэкцыяй зьлеглі каля 40 студэнтаў вайсковага факультэту, якія там харчуюцца.
Для цывільных сталовую зачынілі з 2 верасьня.
«Вайскоўцам раілі ня есьці мяса, але гэта не ўратавала ад таго, што іх аднаго за адным везьлі ў шпіталь з тэмпэратурай, ванітамі, ставячы дыягназ гастраэнтэрыт. На вайсковым факультэцe, вядома, распавядаць пра тое, што здарылася, забараняецца, але пра гэта ведаюць многія ў 7-м інтэрнаце, дзе яны жывуць», — піша Telegram-канал.
Паводле канала, «сытуацыю спрабуюць „замяць“ ужо некалькі тыдняў».
БДУ: 10 чалавек праз тры дні выпісалі з дыягназам норавірус
У прэс-службе БДУ пацьвердзілі, што некалькі студэнтаў шпіталізавалі.
«Пачынаецца міжсэзоньне, для якога характэрныя розныя вірусныя захворваньні. І шкада, што аўтары такіх заметак не пераправерылі свае эмоцыі і не адлюстравалі праўдзівую інфармацыю», — сказала Свабодзе начальнік прэс-службы БДУ Алена Марцулевіч.
Паводле прэс-службы, 11 верасьня была шпіталізацыя студэнтаў. Але гаворка вядзецца пра трох навучэнцаў, а не пра 40, «як спрабуюць падаць некаторыя крыніцы сумнеўнай рэпутацыі». Хуткую выклікалі тры разы для гэтых жа студэнтаў.
«Раніцай 12 верасьня па рэкамэндацыі санэпідэмстанцыі былі накіраваныя ў лякарню на дадатковае абсьледаваньне яшчэ 7 чалавек. Усе 10 чалавек праз тры дні былі выпісаныя з дыягназам норавірус. На дадзены момант яны дапушчаныя да навучальнага працэсу і займаюцца ў вучэбных групах».
Ва ўсіх шпіталізаваных, паведамілі ў БДУ, адабралі клінічны матэрыял для правядзеньня вірусалягічных дасьледаваньняў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.
«Па выніках лябараторных дасьледаваньняў ва ўсіх 10 студэнтаў ня знойдзена кішэчнай інфэкцыі», — сказала Алена Марцулевіч.
Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі: «Мы пакуль разьбіраемся»
У Менскім гарадзкім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі карэспандэнту Свабоды сказалі, што падрыхтуюць камэнтар адносна гэтай публікацыі і накіруюць яго ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
«Мы пакуль разьбіраемся. Бо загадчык санэпідаддзелу паціскае плячыма, кажа, што змывы браліся, яны стандартныя, а экстраных не было».
Галоўны лекар менскай гарадзкой клінічнай бальніцы Мікалай Юроўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што ніякіх масавых паступленьняў у лякарню не было.
Ён дадаў, што інфармацыя рэгіструецца і перадаецца ў афіцыйным парадку, калі з адной установы паступаюць больш за 5 чалавек.
Паводле лекараў, норавірус, альбо «страўнікавы грып», — асноўная прычына гастраэнтэрыту (запаленчых захворваньняў страўніка і кішэчніка). Гэты вірус выклікае ваніты, млосьць, галавакружэньне і дыярэю. Паводле спэцыялістаў, калі норавірус трапіў у закрыты калектыў, то ў хуткім часе падкосіць практычна ўсіх.