У Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над экс-гендырэктарам Менскага заводу шасьцерняў Сяргеем Пацкевічам і былым прадстаўніком Чарапавецкага ліцейнага мэталюргічнага заводу Ўладзімерам Пашкевічам.
Абвінавачаныя сядзяць на розных канцах лавы падсудных і даюць паказаньні адзін на аднаго. У залі поўна сваякоў і сяброў, якія ня вераць у віну паважаных гаспадарнікаў ды кажуць пра правакацыю апэратыўнікаў. І ў першы ж дзень працэсу на ім прагучалі зьвесткі, якія сьведчаць — опэры сапраўды могуць працаваць з выдумкай. Дык што ж цікавага прагучала на працэсе над экс-гендырэктарам МЗШ?
Тры прыёмы за паўгода
Паводле сьледзтва, са жніўня 2018 і да лютага 2019 году Сяргей Пацкевіч за тры разы атрымаў агулам больш як 30 тысяч эўра хабару. Спачатку 6 тысяч 100 даляраў, праз два месяцы — 5 тысяч эўра, і сёлета ў лютым — яшчэ 20 тысяч эўра. Таксама яму інкрымінаваны намер атрымаць яшчэ 5 тысяч эўра, але ўгода сарвалася «зь незалежных ад яго прычын».
«Прызнаю віну цалкам», — адразу сказаў суду экс-гендырэктар МЗШ, калі яго запыталі пра стаўленьне да абвінавачаньня. Уладзімер Пашкевіч таксама ад віны не адмаўляўся.
Паводле Пашкевіча, грошы свайму даўняму знаёмаму Сяргею Пацкевічу ён перадаваў банальна, у звычайных канвэртах. І самы вялікі хабар — проста ў службовым кабінэце. Але не за дзякуй, а за грашовае ўзнагароджаньне: 100 даляраў, 200 эўра і трэцім разам — за тысячу даляраў.
Тыповая хвароба беларускай прамысловасьці
Такім чынам, Сяргей Пацкевіч абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ў асабліва вялікім памеры, Уладзімер Пашкевіч — у пасобніцтве асабліва цяжкаму злачынству. Але за што ішлі грошы?
Паводле сьледзтва, хабар перадаваўся ад грамадзяніна Дзёміна, прадстаўніка польскай фірмы Remix S. A., якая займаецца вытворчасьцю і пастаўкамі абсталяваньня для апрацоўкі мэталаў.
Фірма заключыла з МЗШ кантракт на пастаўку лініі печаў на суму больш як мільён эўра. Печы былі патрэбныя для мадэрнізацыі вытворчасьці шасьцерняў.
Летась кантракт пачаў дзейнічаць, пастаўкі выконваліся, а вось авансавыя плацяжы затрымлівалася.
«Гэта агульная хвароба беларускай прамысловасьці — несвоечасовыя плацяжы», — паскардзіўся ў судзе падсудны Ўладзімер Пашкевіч, які ў жыцьці працаваў шмат на якіх прадпрыемствах і фірмах і сьцьвярджае, што ведае, пра што кажа.
А далей Пашкевіч распавёў, як летась знаёмы яму бізнэсовец Дзёмін «выйшаў на яго» ды папрасіў перадаць гендырэктару МЗШ умовы асабістай дамовы: за 3% ад сумы кантракту той мае забясьпечыць «своечасовую аплату». І гендырэктар пагадзіўся.
Першы авансавы плацёж прайшоў у жніўні, тады ж для Пацкевіча, паводле Пашкевіча, былі перададзеныя 6 тысяч 100 даляраў. Другі плацёж быў пералічаны праз два месяцы, і неўзабаве Пацкевіч атрымаў 5 тысяч эўра. Апошняму хабару, у 20 тысяч эўра, нібыта таксама папярэднічаў плацёж згодна з кантрактам з польскай фірмай.
Адметна, што ў гаспадарлівага Ўладзімера Пашкевіча пры вобшуку знайшлі запісы ўсіх сум перададзеных грошай, прычым бухгальтэрыя вялася з двух бакоў. Але апэратыўнікі пра яе ведалі, бо ўжо вялося праслухоўваньне.
Чаму не затрымалі пасьля інцыдэнту ў электрычцы?
Для староньняга назіральніка ледзь ня самы цікавы момант любой гісторыі пра хабар — як жа даведаліся і як затрымалі?
На першае пытаньне адказаць пасьля аднаго дня працэсу цяжка. Прагучала толькі, што размовы «перадатчыка» грошай Пашкевіча і прадстаўніка польскай фірмы Дзёміна апэратыўнікамі праслухоўваліся. У размовах гучалі лічбы, рабіліся пэўныя намёкі, зь якіх можна было вырашыць, што рыхтуецца перадача грошай. Вытрымкі з праслухоўваньня зачытаў пракурор.
Пра дзіўны выпадак напярэдадні перадачы першага хабару распавёў і сам падсудны Пашкевіч. Гэта — пра мэтады апэратыўнай працы.
Летась у жніўні Пашкевіч ехаў з Жодзіна ў Менск на ранішняй электрычцы, вёз у кішэні атрыманыя напярэдадні ад Дзёміна «6 тысяч даляраў для Сьцяпанавіча» (гэтак, па бацьку, называў на допытах Сяргея Пацкевіча ягоны знаёмы Ўладзімер Пашкевіч). Але без прыгод у сталіцу дабрацца не ўдалося: з часткай пасажыраў Пашкевіча нібыта для праверкі дакумэнтаў ссадзілі з электрычкі міліцыянты і прывезьлі да сябе ва ўправу.
Паводле матэрыялаў справы, 6100 даляраў, якія знайшлі ў Пашкевіча, зачынілі ў адмысловы сэйф, а ключ перадалі ўласьніку грошай. Але з тых жа матэрыялаў вынікае, што, пакуль у пасажыраў электрычкі правяралі дакумэнты, Пашкевічавы купюры агледзелі і сфатаграфавалі. І толькі пасьля гэтага грошы Ўладзімеру Пашкевічу вярнулі, за дастаўленыя нязручнасьці выбачыліся і зь міліцыі адпусьцілі.
«Потым я перадаў іх Сьцяпанавічу. Пазваніў на завод, каб заказаў мне пропуск, выйшаў зь ім на тэрыторыю і перадаў канвэрт. Сьцяпанавіч дастаў зь яго 100 даляраў і сказаў дзякуй. Я таксама яму падзякаваў. На гэтым разышліся», — апісаў перадачу першага хабару Ўладзімер Пашкевіч.
Пытаньне: дык навошта была патрэбная тая спэцапэрацыя?
Вось што пра яе мяркуе былы супрацоўнік праваахоўных органаў Сяргей, адзін са сваякоў падсуднага Пацкевіча.
«Тое, што яго даставілі ў міліцыю з грашыма, зьняўшы зь цягніка, — яўная спэцапэрацыя. Даслалі ў орган транспартнай міліцыі прыдуманую арыенціроўку, а тыя міліцыянты маглі і ня ведаць, дзеля чаго такі спэктакль».
Паводле Сяргея, грошы маглі пазначыць нябачным рэчывам, каб потым лягчэй было даказаць хабар. Але тады, у жніўні 2018 году, нешта сарвалася. «Бывае, што загады адмяняюць. Начальства можа вырашыць пачакаць, каб сабраць больш доказаў», — мяркуе Сяргей.
Пры ўсіх доказах, сабраных сьледзтвам, мой суразмоўца ня верыць, што ягоны сваяк Сяргей Пацкевіч браў хабар. «Добра яго ведаю, не такі ён чалавек. Яго маглі адразу прыціснуць псыхалягічна, прымусіць сябе агаварыць. У нас жа як: хто супраціўляецца, той яшчэ больш атрымлівае. З гэтых меркаваньняў ён мог сябе агаварыць», — мяркуе Сяргей.
Таксама падтрымаць Сяргея Пацкевіча ў суд прыйшла група ягоных былых і цяперашніх калегаў. Усе кажуць, што ў віну гендырэктара МЗШ яны ня вераць, і праводзяць аналёгію з галоўным інжынэрам МЗКТ Андрэем Галавачом, якога нядаўна суд апраўдаў пасьля 4 гадоў сядзеньня ў СІЗА па падазрэньні ў хабарніцтве.
Праўда, засмучае групу падтрымкі Сяргея Пацкевіча тое, што ён прызнае віну. Але тлумачаць яны гэта тым, што чалавека прымусілі сябе агаварыць.
Сярод гэтых людзей Іван, які адмыслова адпрасіўся з працы, каб у судзе падтрымаць свайго сябра Сяргея Пацкевіча. Іван расказаў, што ведае пра яго затрыманьне.
«У той дзень, 7 лютага, у Сяргея быў дзень народзінаў. З раніцы на завод прыяжджалі тыя, хто хацеў яго павіншаваць. Я званіў яму за паўгадзіны да затрыманьня, ён казаў, што ідуць і ідуць госьці. Зразумела, ня толькі сябры, але і калегі, пастаўшчыкі, сумежнікі. Гэта ж вытворчасьць, бяз сувязяў ніяк. І вось ведаю, што сярод падарункаў неяк аказаліся тыя грошы.
Але дакладна кажуць, што ў той дзень да затрыманьня ахоўнікаў замянілі міліцыянты ў цывільным, значыць, рыхтаваліся, ведалі. А ім зрабіць правакацыю ня цяжка, абы закрыць чалавека».
Сяргей Пацкевіч, паводле Івана, — сумленны і добразычлівы чалавек, які шмат каму дапамагаў, калі працаваў на адказнай пасадзе ў МТЗ і потым гендырэктарам МЗШ. «Відаць, былі і ў яго нядобразычліўцы, вось адтуль магло пайсьці», — думае Іван пра прычыну справы.
А як, па словах Уладзімера Пашкевіча, ён перадаў 20 тысяч эўра Сяргею Пацкевічу?
Нібыта ўсё адбывалася вельмі проста. Як звычайна, ён патэлефанаваў свайму сябру і дамовіўся пра сустрэчу. Той нібыта ўсё зразумеў і чакаў. Акрамя грошай, Пашкевіч нёс «Сьцяпанычу» пакунак з бутэлькай польскай гарэлкі, якую адмыслова перадаў Дзёмін — «трэба ж было павіншаваць».
«У кабінэце грошы і гарэлку перадаў проста ў рукі. Пацкевіч паклаў пакунак у шафу, дзе ляжалі іншыя падарункі. А спачатку дастаў тысячу эўра і аддаў мне. Падзякаваў», — сказаў Уладзімер Пашкевіч.
Далей, як кажа падсудны, ён выйшаў з кабінэта гендырэктара МЗШ і пайшоў з заводу, але на прахадной яго затрымалі.
У матэрыялах справы ёсьць фота апэратыўнай здымкі, на якім Пашкевіч яшчэ ідзе на завод з тым самым віншавальным пакункам. «Сябе пазнаяце?» — спытаў пракурор. — «Пазнаю».
Паказаньні суду былы гендырэктар МЗШ будзе даваць заўтра, 18 верасьня.